Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 107
Іван Чыгрынаў
Сёння Зазыба таксама пачуў далёкую, рознагалосую і нечаканую гамонку званоў і неяк міжволі сіліўся разгадаць яе; яму нечага здавалася, што гэта адным часам і мінулае, патрывожанае імі, і будучае, пра якое нельга было пакуль даведацца, уставалі і напаміналі аб сабе.
...Пасярод Зазыбавага двара стаяў, запрэжаны ў калёсы на жалезным хаду, буланы конь — з тых, што пакінулі калгасу ўзамен артылерысты. Конь быў раскаваны і не кульгаў. Ён стрыг вушамі, пазіраў на сябе ў зацененае акно Зазыбавай хаты. Марыльчыны рэчы ляжалі на возе, прыхаваныя травой з-пад касы, а сама дзяўчына перад дарогай поўная была непакою. Ужо з самага рання яна хапалася за ўсё — і хацела пасабіць у хаце гаспадыні, якая таксама затужыла перад расстаннем, і бралася прагнаць у статак карову. Але Зазыба па-бацькоўску папракнуў:
— Ты глядзела б лепей за сваім, каб усё парадкам выйшла. Не забудзься чаго...
Марыля тады сунялася трохі, але непакой не прайшоў. Цяпер ён быў увесь у яе вачах.
Не дзіва, што дзяўчына хвалявалася перад паездкай. Для яе Бабінавічы былі незнаёмым мястэчкам, якое бачыць давялося адно на карце. Мястэчка стаяла на вялікай дарозе, якая ў вайну зрабілася стратэгічнай, і ёй, армейскай разведчыцы, выпадала цяпер не толькі жыць у гэтым мястэчку, але таксама выконваць адказныя заданні камандавання. Пакуль фронт стаяў непадалёку, кіламетраў за шэсцьдзесят, а месцамі нават бліжэй, гэта мела асаблівае значэнне, бо праз Бабінавічы рухаліся тыя матарызаваныя часці, якія разам з танкавай групай былі павернуты за Крычавам на паўднёвы напрамак.
Для разведкі, на думку армейскага камандавання, Марыля мела дзве перавагі — прыгажосць, якая магла спрыяць у небяспечнай рабоце, і веданне нямецкай мовы. Гэта і вырашыла справу, калі ў штабе 13-й арміі абмяркоўвалася пытанне, каго пакінуць у Бабінавічах. Дзейнічаць Марыля павінна была адна (групу ў невялікім мястэчку не адважваліся пакідаць) і пад сваім сапраўдным прозвішчам. Ёй амаль нічога непатрэбна было выдумляць у легенду — яна і сапраўды нарадзілася ў вялікім рабочым пасёлку, што за Тулай, але вучылася ў Беларусі; як пачаліся масавыя налёты нямецкай авіяцыі на прыдняпроўскі горад, дзяўчына, разам з іншымі, падалася на ўсход — яна ўцякала ад немцаў дамоў. Але не паспела. За выключэннем гэтага — «не паспела», такім чынам, усё было праўдай. І тым не менш вопыту разведчыцы Марыля не мела: адно скончыла кароткатэрміновыя курсы пры штабе па рабоце на рацыі ды пазнаёмілася ў агульных рысах з прынцыпамі вядзення армейскай разведкі.
Спярша, калі непадалёк ад Крутагор’я, у Клімавіцкай Родні, яшчэ стаяў штаб 13-й арміі, было намеркавана накіраваць Марылю адразу ў мястэчка. Але хтосьці з палітупраўлення арміі, можа, сам брыгадны камісар Крайноў, параіў разведаддзелу звязацца з Крутагорскім райкомам партыі, і Пракоп Маштакоў прапанаваў тады зрабіць іначай. Уладкаваць Марылю ў мястэчка павінны былі староннія людзі — альбо кулігаеўскі Сідар Раўнягін, альбо верамейкаўскі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба. Вайскоўцы нечакана спынілі свой выбар на апошнім. Тады і паклікалі Зазыбу ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна.