Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 105
Іван Чыгрынаў
Не паспеў сахаты глянуць на неба, як у тым баку, дзе вісеў над ракой мост, грымнула нешта на ўсю моц, ажно скаланулася на многа кіламетраў пушча. Тады бабахнулі адна за адной гарматы на паляне, шуганулі ў неба чырвоным полымем. Лось ад нечаканасці ажно прысеў на заднія ногі і праз момант скочыў наперад, цаляючы паміж гармат, што выкідвалі з жэрлаў агонь з дымам, ад якога не стала чым дыхаць. Гэта нагадвала сабой навальніцу, але пры навальніцы ўсё ж было спакайней, бо не калаціліся так адразу зямля і неба.
На шляху былі густыя зараслі, і сахаты, ломячы іх, рынуўся напрасткі — у ім цяпер нібыта пабольшала моцы. Хоць і бег ён стрымгалоў, але на лузе апынуўся ўжо тады, як самалёты, падзяліўшыся на дзве групы, рабілі апошні заход на мост — адна група, летакоў шэсць, спрабавала скінуць бомбы на мост, а другая, трохі большая, цаляла па той паляне, адкуль стралялі па іх гарматы. За ракой быў працяг пушчы, і сахаты кінуўся ў ваду яшчэ са страху, пераплыў самую быстрыню і выскачыў на другі бераг. Вочы яго ашалела кружыліся, зыркалі скрозь крывавы туман вакол. Але па гэты бок ракі быў ужо другі свет, прынамсі, не бухалі, скаланаючы зямлю, бомбы. А неўзабаве і наогул стала ціха. Толькі яшчэ недзе запознена і зусім не страшна паліла ў неба хуткастрэльная гармата. Можна было вяртацца назад за раку, на знаёмыя тамашнія сцежкі, але сахаты не спяшаўся. Пасля перажытага гэтак нечакана страху ён нібыта растраціў сваю звярыную здольнасць рэагаваць на знешнія праявы.
Як зайсці сонцу, яшчэ два разы прыляталі самалёты, і столькі ж разоў абрыналася на мост і на зямлю гарачае пекла. І кожны раз гэта адпуджвала сахатага ад ракі. Нарэшце ў яго і зусім не стала ахвоты вяртацца дамоў. Абначыўся ён у незнаёмым, затое спакойным месцы — на круглым расцяробе, дзе была мяккая трава.
Не пасмеў сахаты пераплысці раку і на другі дзень, бо зноў прыляталі самалёты, а калі надумаў паспрабаваць шчасця на трэці, стала позна — крокаў за паўтараста ад берага, мусіць, за адну ноч (удзень дакладна не было іх) з’явіліся акопы. Гулі аўтамашыны. Як і на той паляне, што за ракой, зноў было поўна людзей. Але цяпер сахаты не падыходзіў да іх блізка. Страх трымаў яго на адлегласці.
На пяты дзень сахаты неспадзявана сустрэў маладую ласіху з ласянём. Яны таксама ўцяклі сюды ў той дзень, калі наляцелі самалёты на мост. Побач з іхняй стаянкай у балоце разарвалася бомба. Асколкамі быў забіты стары, але яшчэ дужы лось, які неадступна хадзіў за ласіхаю з самае восені.
У лася яшчэ пакуль не ўзнікла пачуццё стаднасці, але адзінота ў гэтай калатэчы зрабіла звера падатлівым, і ён адразу далучыўся да ласіхі з яе малым, больш таго, узяў на сябе клопат апекаваць над імі. Першае, што зрабіў сахаты пасля сустрэчы, гэта адвёў ласіху падалей ад небяспечнага ўзлесся, на верасы, куды, здавалася, не павінны былі ўжо дасягаць людзі са сваім грымотным агнём. Але дарэмна ён спадзяваўся. Як толькі пачаліся баі, снарады сталі залятаць і на верасы. Тады сахаты вырашыў канчаткова пакінуць пушчу. Амаль без спачыну яны ішлі першы дзень, пасля другі, нарэшце перайшлі шашу, але грукат, які пачаўся каля ракі, усё не сціхаў, нібыта гнаўся за імі. І кожны раз, як узыходзіла нанава сонца, яны бачылі яго па левы бок ад сябе. Нарэшце настаў час, калі здалося, што самае жахлівае засталося ззаду — у наваколлі неспадзявана заціхла, і толькі ў небе калі-нікалі праляталі самалёты, але цяпер яны гулі высока.