Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 106

Іван Чыгрынаў

Няшчасце здарылася на лясной дарозе... Як і заўсёды, першы на яе ступіў сахаты. Ён ужо быў, здаецца, на сярэдзіне, калі ўбачыў чалавека ў шэрай касцы, з чорным аўтаматам. Чалавек таксама заўважыў яго, на нейкі момант ажно збянтэжыўся ад нечаканасці, але хутка спахапіўся і стаў цэліцца. Тады сахаты напружыніўся ўвесь і скочыў цераз канаву на другі бок дарогі. За ім кінулася ласіха. Але адбегчыся ёй перашкодзіла ласянё. Яно раптам забавілася на дарозе. Ласіха адчула гэта, спынілася. Тады і пачулася траскучая чарга. Амаль усе кулі, выпушчаныя з аўтамата, трапілі па цэлі. З гарачкі ласіха яшчэ зрабіла некалькі вялікіх скачкоў, але не ўтрымалася на нагах, павалілася на баравы пясок у сасонніку, які засціў дарогу.

Сахаты перамог страх даволі хутка, але спазніўся. Ласіха была нежывая. У раскрытых вачах яе застыла жахлівая пустата.

Над забітай стаяла ласянё. Яно, можа, нават не разумела яшчэ, што здарылася.

І вось сахаты прывёў ласянё сюды, за Бесядзь...

ІХ

Зазыбава Марфа расчыніла на два бакі вароты, адкінула на загавальню дошку, каб можна было праехаць на запрэжаным кані, і заклапочана пабегла ў хату затуляць засланку.

Зазыба такі рашыўся ехаць у мястэчка.

Быў вялікі спас — дзевятнаццатага жніўня. Пры немцах у бабінавіцкай царкве ўжо ішла служба, і сёння ў мястэчка з Верамеек падаваўся не адзін Зазыба: набожныя вясковыя бабы недзе былі са сваімі кошыкамі — бралі свянціць яблыкі — за Бесяддзю.

Сёння першы раз за колькі гадоў было чуваць у Верамейках, як званілі на бабінавіцкай царкве званы. І слухаць іх павыходзіў багата хто з вёскі. Спярша верамейкаўцы падумалі, што гэта далятаў з-за Бесядзі нейкі іншы гук, можа, таксама выкліканы вайной, бо нязвычна ўжо ім было чуць царкоўны звон, урэшце, яны адвыклі ад яго, а тады бабы ды старыя дзядзькі вырашылі ўсё ж — няйначай, зазванілі ў мястэчку да ютрані. Розныя па тоне званы, бы перагукваючыся ды даганяючы адзін аднаго, зліваліся часам у роўны гул, хоць і не надта стройны, але музычны. Аднак адзін звон, на нізкай ноце, часцей за ўсё нібыта пазніўся, і гук яго вылучаўся сярод іншых неяк нечакана і вельмі журботна.

Зазыба таксама не адзін раз чуў з Бабінавіч «благавест». У ім заўсёды нешта як жывое. Ці то здаралася гэта надвечар, у вялікі пост, калі і неба, і снег рабіліся амаль аднолькавага колеру, ці то пачыналася раным-рана напрадвесні, калі выходзіла з берагоў і шырока разлівалася Бесядзь, але кожны раз, як толькі чулася першае бомканне званоў, усю яго істоту запаўняла зусім новае пачуццё, якое праганяла некуды будзённы клопат і ўсё іншае, чым жыў ён у той момант.