Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 108
Іван Чыгрынаў
Зазыба браўся за даручэнне з вялікім запасам спакою — ён, вядома, яшчэ ў той дзень, як хадзіў у Кулігаеўку і гаварыў з Пракопам Маштаковым, зразумеў, што можна нават за адно знаёмства з Марыляй паплаціцца жыццём у немцаў. Але разумеў ён і тое, што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл — бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой. З адным Зазыба ніяк не мог пагадзіцца — гэта чаму раптам першая ў ахвяру сябе павінна была прынесці Марыля! Ажно крыўдна было за дзяўчыну — у Верамейках каторы дзень вольна жылі мужчыны-дэзерціры, той жа Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі, а яна мусіла падавацца з вёскі і, вядома, не дзеля сённяшняга спаса. Крыўда гэтая мела пад сабой і іншы грунт, які таксама паддаваўся тлумачэнню. Датычылася гэта ўжо асабіста Зазыбы, дакладней кажучы, не самога Зазыбы, а яго жонкі, Марфы. У адрозненне ад мужа, Марфа па-ранейшаму нічога не ведала пра Марылю і тым больш не здагадвалася, таму ёй вельмі няўцям было, чаму дзяўчына павінна недзе шукаць сабе прытулку, калі можна пажыць у Верамейках. Сёння Марфа нават не вытрымала, сказала мужу, як той ішоў на ўсходзе сонца касіць траву на воз. Аднак дарэмна: Зазыба не стаў гаварыць з ёй пра гэта. І вось цяпер са шкадаваннем бачыў, як нудзілася Марфа.
Марыля тым часам нібыта не месцілася ў сабе, нечым, можа, сваім насцярожаным неспакоем, нагадвала птушку, якая кожную хвіліну магла паляцець. Яна нават прыбралася ў дарогу — на сукенку накінула адмысловую цёмна-зялёную кофтачку, якая, здавалася, павялічвала яшчэ зусім дзявочыя грудзі.
Зазыба агледзеў воз, сказаў:
— Я мяркую, пара нам...
Марфа быццам чакала гэтых слоў — памкнулася да Марылі, прытуліла на нейкі час да сябе, а тады пачала благаслаўляць. Марыля стаяла зусім ціхманая, прымала чужую ласку і чужое хваляванне, як і належыць чалавеку, які прыжыўся ў доме. Але не паспела Марфа схаваць па звычцы пад фартух свае пасінелыя рукі, як Марыля сама кінулася да яе, нібы да роднай.
Зазыба паглядзеў на расчуленых жанчын і сказаў грубавата:
— Ладна, сядай ужо!
Марыля адарвалася ад Марфы, ступіла на драўляную падножку і села на мяккую траву, засланую паласатай дзяругай.
Марфа сказала:
— З богам! — і пазначыла шчопацем правай рукі перад сабой крыж.
Тады Зазыба ўзяў за цуглі каня, вывеў за вароты.
— Зачыняйся тута, — кінуў ён жонцы.
Акаваныя колы адразу паехалі па тупкай сцежцы — загрукаталі раптам на ўвесь завулак. Зазыба прайшоўся трохі па завулку, пасля ўхапіўся рукамі за гнушку і, падскочыўшы па-маладому і неяк брыкліва, сеў на воз з другога боку.
Марыля азірнулася на Зазыбаў двор. Усё там — і хата з трохскатнай страхой з залобкам, і вароты, аздобленыя адмысловай ліштвой — здаліся ёй адным часам знаёмымі і незнаёмымі. Было такое ўражанне, нібыта яна цяпер пазнавала даўно забытае. Позірк нечага доўга затрымаўся на высокай вітцы, што вытыркалася над вільчыкам аўчарні, пасля скочыў на адкрыты з двух бакоў ганак, дашчаная стрэшка якога абапіралася на букатыя слупкі-балясіны. І толькі тады, як у поле зроку трапіўся пад вокнамі хаты разгалісты вяз, захаланула маладое сэрца — дрэва гэтае ўсе дні яна бачыла праз акно свайго свядомага пустэльніцтва... На ім ужо сядзела белабокая сарока і нібы тачыла нажы. Зазыба пачуў гэта, усміхнуўся: