Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 15

Уладзімір Дамашэвіч

— Яшчэ як! — Ён ускочыў на ногі.— Пойдзем! — амаль рэзка сказаў ён урэшце і, не чакаючы дзяўчыны, скіраваў да лодкі.

Галя прыйшла не адразу.

Моўчкі селі ў лодку. Русіновіч адштурхнуўся ад берага, на хаду скочыў на дно, адразу сеў за вёслы. Галя па-ранейшаму была на карме. Яна стала абыякавай і сумнай, і ўвесь яе выгляд як бы гаварыў: «Хутчэй бы ўсё гэта скончылася».

Русіновіч цяпер сядзеў тварам на захад. Ён бачыў, як сонца паволі схавалася за шэраю пялёнкаю хмары, якая паціху, без гулу і грымотаў, пасоўвалася ўслед за імі.

Русіновіч зноў з усёй сілы налягаў на вёслы, але лодка, здавалася, стаяла на месцы — надта далёка яны адплылі. Хоць бы паспець да дажджу!

Галя некалькі разоў азірнулася, паглядвала на неба, на твары яе з’явіліся прыкметы трывогі і неспакою. І чым бліжэй была хмара, чым гучней пачынаў далятаць да іх грукат грымотаў, Галя ўсё больш рабілася змрочнай.

Першыя кроплі дажджу ўпалі тады, калі яны прысталі да берага на лодачнай станцыі.

— А пад лодкай было б лепш перачакаць.— Русіновіч задраў галаву і азіраў неба.— Памятаеш «Сэрцы чатырох?»

— Я згодна, толькі адна,— не то жартам, не то ўсур’ёз сказала Галя.

Русіновіч праглынуў пілюлю, але пасля паўзы, якая цягнулася хвіліну, усё ж знайшоў, як яму здавалася, даволі трапны адказ:

— А я згодзен, але толькі з табою...

Дождж наляцеў так раптоўна, што пакуль яны прабеглі метраў дваццаць — да павільёна «Марожанае»,— вымаклі да ніткі.

— Гэта за тое, што ты не хацела купацца,— пажартаваў Русіновіч, выціраючы мокры твар далонямі.

— Няхай я толькі...

Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Галя, закрыўшы твар рукамі, упала яму на грудзі.

— Не бойся, гэта не ў нас.— Русіновіч туліў Галю да сябе, а другою рукою гладзіў яе мокрыя валасы.— Супакойся, зараз ўсё сціхне.

Але навальніца яшчэ бушавала доўга. Гром і маланка чаргаваліся раз-пораз, шалёны вецер гатоў быў перавярнуць няўстойлівы павільён, а струмені вады з яго круглага даху спачатку залівалі ім ногі, а потым пачалі забірацца вышэй. Ды што! Яны і так вымаклі, як вадзяныя пацукі.

Непрыкметна сшарэла, разам з дажджом прыйшоў вечар. Галя і Русіновіч стаялі адны пад дахам павільёна, мокрыя, і шчыльна туліліся адно да другога. Ды гэтая ідылія працягвалася нядоўга — ледзь толькі дождж перастаў, Галя сказала, капрызна надзімаючы вусны:

— Ты напрарочыў дождж. Я на цябе сярдзітая за гэта...

У яе словах гучала несхаваная крыўда.

Яны ішлі па лужынах, па мокрай траве, мокрыя і галодныя.

— Паслухай, Галка, ці не зайсці нам куды павячэраць? Тут недалёка ёсць кафэ.

— Як хочаш.,.

— Тады ідзём...

Людзей было ўжо нямнога, толькі сям-там сядзелі за столікамі аматары пагаварыць пасля чаркі.

Яны занялі столік ля акна, недалёка ад выхада. Русіновіч узяў меню, пагартаў хвіліну, перадаў Галі.

— Выбірай, што хочаш...

Яна выбірала, а ён прыкідваў, ці хопіць у яго тых грошай, што былі ў яго з сабою, спецыяльна пазычаных у хлопцаў. Калі ўзяць халодную закуску, другое — які-небудзь шніцэль ці біфштэкс і бутэльку таннага віна,— то хопіць, а калі ікры, мясны салат ці які лангет, ды яшчэ грамаў трыста з трыма зорачкамі, то ён пагарыць са сваімі фінансамі, бо на такое меню ў яго хапіла б толькі на аднаго. «Кавалер!—лаяў сябе ў думках Русіновіч.— У цябе ніколі не было лішняга рубля за душою. Ды што? Сам ты абышоўся б без такой раскошы. Але цяпер ты павінен думаць перш за ўсё пра яе... Каб ёй не было з табою сумна, каб ты, не думаючы, мог выкінуць, калі трэба і колькі трэба... Ты ясі, каб жыць, ясі, каб не памерці ва ўсякім разе, але ж не ўсе так робяць, не забывай аб гэтым...»