Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 14
Уладзімір Дамашэвіч
— Ах, які ты нязграбны!
Гэты ўскрык нібы абудзіў Русіновіча.
— Што такое?
— Ты абліў мяне ўсю. Глядзі! Хто так вяслуе?
— Прабач... Вада чыстая...
— Калі чыстая, дык можна аблівацца? — Яна ледзь не плакала.
Апошнія прыбярэжныя хаты прапалі з воч, рака павярнула рэзка на поўдзень, пасля на захад, а ён усё налягаў і налягаў на вёслы...
Лодка ішла проста на нізкі, зарослы высокаю травою востраў. Русіновіч падняў вёслы, лодка стукнулася носам у мяккі бераг і стала.
— Высадзімся на бязлюдны востраў.
— Ты ўпэўнен, што ён бязлюдны? А мо тут людаеды?
Русіновічу здалося, што злосць яе прайшла. Ён падаў Галі руку, вывеў на бераг.
— Зараз праверым...
— Не шкодзіла б толькі, каб тут быў буфет.
— Буфет — раскоша для студэнтаў,— сказаў Русіновіч, а сам ужо думаў: сапраўды, неяк не па-людску выходзіць — ён нават не здагадаўся купіць дзяўчыне якіх-небудзь цукерак.
— Будзем купацца ці не? — спытаў ён у Галі.
— Я не хачу. Вада халодная,— адмовілася Галя.
Русіновіч выцягнуў ледзь не да палавіны лодку з вады, паклаў вёслы ў траву і з разгону бухнуўся ў раку. Тут было глыбока, вада апякла цела крынічным холадам. Ён узмахнуў рукамі, выплыў наверх, працёр вочы, азірнуўся. Галі не было відаць. Тады ён сваім павольным і нязграбным стылем паплыў да процілеглага берага, далей ад вострава, і хутка адчуў, што тут стала плытчэй — вада была зусім цёплая. Ён аддыхаўся, расцёр ногі, якія пачала зводзіць сутарга, скіраваў да вострава.
Лодка была на месцы, а Галя недзе прапала.
— Галя, дзе ты! — крыкнуў Русіновіч.
Яна не адклікалася. Яму стала нават страшна. Ён пабег наўпрост — да другога берага, выбраўся на невялічкі грудок, дзе трава была трохі меншая, чым з таго берага, затое пад нагамі не хлюпала вада, расла лапушыстая лотаць, ружавелі смолкі, пагойдвалася на ветры мятліца. За невялічкім лазовым кустом заўважыў Галю. Яна сядзела на купіне і пляла вянок з маленькіх бледна-блакітных незабудак.
Ён моўчкі пастаяў над ёю,— мокры, бліскучы на сонцы. Чакаў, што яна скажа яму нешта — ну, хоць «Прысядзь ля мяне»,— але яна маўчала, нават не зірнула на яго і далей пляла свой вянок.
Ён сеў ля яе, абняў за гарачую талію, прытуліў да сябе.
— Не дакранайся, ты мокры,— сказала яна і адсунулася.
— Галя! —Ён пасунуўся да яе зноў.— Я хачу ведаць, што ты пра мяне думаеш...
Яна не зварухнулася, не ўзняла вачэй ад вянка — нібы важней за гэтую работу цяпер у яе нічога не было на свеце.
— Чуеш, Галя? — ціха спытаў Русіновіч.
— Дзівак! Навошта аб гэтым гаварыць? І так усё ясна.
— Мо для цябе ясна, а для мяне не. Я хачу ведаць...
— Трэба быць больш здагадлівым. А ўсяго ведаць ніколі не будзеш,— павучальна сказала яна, уплятаючы новыя кветкі ў вянок.— Праўда, прыгожа? —Яна павярнула галаву да Русіновіча.