Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 13
Уладзімір Дамашэвіч
— Гэты купальнік табе да твару.
— Што ж, буду часцей у ім хадзіць.
— Я не буду пярэчыць, калі ласка! Толькі нас аштрафуюць.
— Ты будзеш расплачвацца.
— Толькі невядома чым...
Галя сядзела насупраць яго, на карме, пазірала па баках, жмурыла свае цёмна-шэрыя вочы, нібы каго шукала. Гэты занятак ёй хутка, відаць, надакучыў, і яна сказала Русіновічу:
— Дай я сяду за вёслы. У цябе яны не так ходзяць.
Яны памяняліся месцамі: лодка гайданулася, Галя ўскрыкнула, а Русіновіч супакоіў:
— Не бойся, тут блізка да дна.
Вёсламі яна працавала добра, стан яе то пружыніста выпростваўся, падаючыся назад, то нахіляўся да ног, пасылаючы вёслы назад; твар яе расчырванеўся, валасы лезлі на вочы, і яна адкідала іх кароткім рэзкім узмахам галавы.
— Ты вяслуеш, як рыбачка,— пахваліў яе Русіновіч.
— А што, я рыбачка... Вырасла на Сожы, калісьці з бацькам любіла рыбу лавіць...
— А я рос далёка ад вады. Таму і плаваю, як сякера. А ты як? Перамахнеш наша возера?
Галя паглядзела на левы бераг, потым на правы.
— Калі б сказалі, што на тым беразе мяне чакае шчасце, пераплыла б...
— Якое шчасце?
— Шчасце ў кожнага сваё...
Іх лодку загайдала на хвалях: міма велічна праплыў, як лятучы галандзец, баркас пад блакітным клінам ветразя. Галя паклала вёслы, твар яе стаў летуценны і прыгожы. Яна пачала дэкламаваць:
Белеет парус одинокий
В тумане моря голубом,
Что ищет он в стране далёкой,
Что кинул он в краю родном?
І нечым такім нязвычным павеяла ад гэтых яе слоў на Русіновіча, што яму раптам захацелася перавярнуць свет, здзівіць усіх нейкім нечуваным-нябачаным подзвігам, парушыць гэтае звычайнае будзённае цячэнне часу, што быў як вада ў гэтым амаль што стаячым штучным возеры, зрабіць нешта такое, каб Галя сказала: «Ты — мой адзіны, мой любы, ты самы смелы, самы лепшы, самы... самы...»
— Пусці мяне за вёслы,— з прыхаваным жарам сказаў Русіновіч Галі.— І моцна трымайся.
Яны зноў памяняліся месцамі, стоячы і трымаючыся за рукі, размінуліся, лодка няўстойліва гайдалася на вадзе, гатовая зачарпнуць то левым, то правым бортам.
Русіновіч сеў на лаўку, моцна ўпёрся нагамі ў перакладзіну на дне, папляваў у далоні, як некалі, перш чым узяць у рукі сякеру ці цэп.
Тонка скрыпелі ўключыны, лодка рыўкамі ляцела наперад, а Русіновіч, налягаючы з усяе сілы на вёслы, усё гнаў і гнаў па роўнай, піўнога колеру рачной гладзі, толькі азіраўся назад, каб не ўрэзацца ў сустрэчную лодку, часам на момант парушаў рытм, заграбаў адным — правым ці левым вяслом, пакуль абмінаў перашкоду. Яны хутка пайшлі супраць слабага на шырокім полі цячэння, міма берагоў, аблепленых голымі людзьмі, лодак і купальшчыкаў, што ўспеньвалі ваду, міма прыбярэжных кустоў і астравоў.
Русла ракі пачало звужацца; раздвойвацца на рукавы, то вузкія, то шырокія, зарослыя чаротам і водарасцямі, па якіх лодка ледзь паўзла, шаруючы днішчам, як па гразі, а на вёслы набіралася гэтулькі раслін, што іх цяжка было выцягнуць з вады. Але Русіновіч не зважаў ні на што. Валасы яго растрапаліся і падалі на мокры лоб, твар расчырванеўся, а мускулы рук і грудзей нібы ўспухлі. З непрывычкі пачыналі пячы далоні, пабольвала трохі спіна, але Русіновіч не хацеў здавацца. Няхай яна пабачыць, што хоць ён і сухаземны чалавек, вырас на сушы і ў лодцы сядзіць усяго мо які пяты раз, аднак і ён умее веславаць не горш за яе, рыбачку...