Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 16
Уладзімір Дамашэвіч
Да іх падышла афіцыянтка, поўная, невялічкая і задуманая, а хутчэй стомленая. Русіновіч слухаў, як праз сцяну, усю яе гутарку з Галяй, а пасля ў канцы, калі заўважыў, што яны абедзве замоўклі і афіцыянтка збіраецца ісці, сказаў:
— Яшчэ трыста грамаў каньяку.
Афіцыянтка кіўнула галавой і павольна, як сонная, пайшла.
— Ты ведаеш, як балявалі рымляне? — спытаў ён Галю.
— Не ведаю і ведаць не хачу...
Яна нервова церабіла край настольніка, азіралася раз-пораз на гадзіннік, які вісеў над дзвярыма ў кафэ, то цікавала, ці ідзе афіцыянтка. Вакол вачэй у яе абазначыліся густыя цені, а твар страціў сваю ранейшую свежасць. Яна нібы раптоўна пастарэла.
Афіцыянтка на дзіва хутка прынесла заказ: хлеб, памідоры, салат і графінчык з залацістым напіткам.
І нібы між іншым на хлебніцы побач з хлебам ляжаў рахунак. Русіновіч глянуў на лічбу ў канцы і адчуў, як твар у яго паволі залівае чырвань. Не хапала пяці рублёў! Усяго пяці рублёў. Які ён быў дурань, што сказаў тады Ярошку — хопіць і гэтых! Які ён быў дурань! А цяпер трэба будзе пазычаць у яе — першы раз. Першы — і апошні. Але як гэта непрыемна, як брыдка!
Ён падумаў яшчэ хвіліну, хацеў ужо спытаць, ці мае яна з сабою грошы, а потым перадумаў. Не! У яе ён не пазычыць!
Ён устаў і накіраваўся да буфета, ля якога стаяла іх афіцыянтка.
— Куды ты? — спытала Галя.
— Я зараз... Ты пасядзі...
— Які ты...
Астатніх слоў ён не разабраў. Вось і гэтая дзяўчына, ці жанчына, хто яе ведае... З чаго пачаць? Як? Ён быў зусім неспрактыкаваны ў такіх тонкіх справах. Крануў яе за руку і сказаў нясмела:
— Прабачце...
— Што вам трэба? — даволі няветла спытала яна.
— Вельмі вас прашу... Я трапіў у непрыемную гісторыю... У мяне не хапае пяці рублёў... Ці не маглі б вы... Я заўтра прынясу... Чэснае слова! Вось мой пашпарт. Самі разумееце, бедны студэнт...— Ён аж успацеў ад гэтай «прамовы».
Афіцыянтцы, відаць, стала шкада «беднага студэнта». Яна ўсміхнулася.
— Добра. Я веру вам і без пашпарта... Я заўтра на другую змену, як і сёння...
У яго нібы скацілася гара з плеч. Узбуджаны, вясёлы, ён падышоў да Галі.
— Што ты там шаптаўся з ёю? — Галя глядзела на яго вялікую руку, у якой ён трымаў маленькі кілішак.
— А, нічога... Давай вып’ем...
— Ты не ўмееш паводзіць сябе ў такіх месцах,— выгаворвала яму Галя.— Ты нейкі як прыбіты, як нешта некаму вінаваты... Вось ты гаварыў з гэтай афіцыянткай, а здавалася, што ты стаяў перад суддзёй, у руках якога сама мала — тваё жыццё.