Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 17

Уладзімір Дамашэвіч

Русіновічаў твар зноў загарэўся агнём.

— Што ж тут дзіўнага? Я рос далёка ад усяго гэтага...

— Трэба ўмець валодаць сваімі пачуццямі, мімікай...

— Карацей кажучы, надзець на сябе маску... Не быць самім сабою...

— Не зводзь усё да прымітыву...

Русіновіч адчуваў, што вось-вось пачнецца сварка.

— Добра, не будзем спрачацца,— прымірэнча сказаў ён.— Буду з заўтрашняга дня трэніраваць пачуцці і міміку твару... Трэба толькі купіць люстэрка, бо ў мяне яго, прызнацца, зроду не было.

— Тое, што можна купіць, усё будзе. А ёсць рэчы, якія не купляюцца...

— Чаго ж, па-твойму, мне не хапае з таго, што не купляецца? — У Русіновіча раптам з’явілася жаданне спрачацца або нават пасварыцца з ёю.

— Чаму ты думаеш, што я пра цябе? І чаму ў цябе вочы сталі такія халодныя? Засмейся, Грыша! Мне страшна!

— Дзіва, што страшна... Дзіва!.. Вось ты ўмееш...— Ён змоўк, бо на язык прасілася: «Ты ўмееш іграць, надзяваць маску не толькі на твар».

...Было ўжо за дванаццаць, калі Русіновіч прыйшоў у свой інтэрнат. Антановіч і Рак спалі, а Ярошка і Малец недзе загуляліся — іх ложкі пуставалі.

Русіновіч зрабіў абажур з газеты, уключыў святло, дастаў з тумбачкі тоўсты сшытак і пачаў пісаць.

Старонкі з дзённіка

4.06.1952

Даўно збіраўся пачаць дзённік, але ўсё неяк не даходзілі рукі. Мала часу. Ды і няма ўмоў: увесь час сярод людзей. Пісаць дзённік найлепш аднаму, без сведак. Пачынаюць смяяцца, глядзець як на дзівака: робіш не тое, што ўсе. Не хапае характару быць непадобным да ўсіх. А ёсць жа такія людзі! Вось хоць бы Галя... Праўда, вяроўкі віць і з мяне таксама не лёгка... Дарэчы, Галя. Якраз я і хачу пісаць пра яе. З ёю знаёмы ўжо цэлы месяц і, здаецца, закахаўся не на жарты. Лаю сябе за гэта бязбожна, бо ці да кахання мне? А іншы раз падумаеш: а чаму не? Урэшце, можна здурэць ад усялякіх думак, якія апаноўваюць. Але з ёю, Галяй, я не магу гаварыць аб усім, што мяне турбуе. Гэта кепска, але што зробіш? Таму ўсе свае сакрэтныя думкі я хачу даверыць гэтаму сшытку...

Толькі што вярнуўся ад яе. Праводзіў да самага інтэрната. Яна сёння за дзень і вечар мянялася разоў дзесяць. Цікавая асоба! Дагэтуль такіх дзяўчат я не сустракаў. З ёю нельга гаварыць аб нечым адным, яна пераскоквае з аднаго на другое, як вавёрка з дрэва на дрэва. А я просты, як лапаць, і, бы той чмель, гатоў гусці на адной ноце ўвесь вечар. Яна так мне і сказала: «Ты не дасціпны». Што праўда, то праўда. Але што рабіць такім, як я? Не пойдзеш з-за гэтага тапіцца?..

Спачатку я быў як сляпы: свет сышоўся на Галі, і болей нічога я не бачыў. Яна ўразіла мяне тым, што была зусім непадобнай на тых, каго я ведаў раней. Гэта цікавіць, інтрыгуе, ты пачынаеш адкрываць у сабе новы характар, новага чалавека.

Я занадта захапіўся гэтай навізной і прагледзеў другое: што яна на мяне глядзіць зусім іншымі вачыма, чым я на яе. У той час як я гатоў шчыра раскрыць душу, гатоў падзяліцца з ёю ўсім, што думаю і што перажываю, яна ўсё тоіць у сабе.

Мне цяпер брыдка за гэтую сваю вясковую шчырасць, за сваю прастату, якая так і прэ з мяне і якая псуе нашы адносіны! Так, псуе, у гэтым я пераканаўся і паверыў урэшце ў банальную для многіх ісціну, што «чем меньше женщину мы любим, тем больше нравимся мы ей». Яна нібы ўзяла на ўзбраенне гэты пушкінскі афарызм, скарыстаўшы яго супроць мяне. А яно так! Ён падыходзіць у роўнай меры да жанчын і да мужчын...