Читать «Паплавы» онлайн - страница 180

Алесь Асіпенка

Вера, ашаломленая, прыціснула да грудзей рукі:

— Як жа так...

— Я даўно ведаў, што ты мая дачка. Заўтра я табе ўсё, усё раскажу. Жызня праклятая, вось на што скіравала...

Ёй здалося, што ён плача.

— Няпраўда! — крыкнула Вера.

— Хто там гэта? — пачула яна знаёмы голас Ліпанавай.

— Маўчы, не адгукайся, — Дземідзенка ўхапіў яе за руку, моцна сціснуў.

Не памятаючы як, хутчэй ад страху, яна крыкнула:

— Сюды, Тамара Аляксандраўна!

Дземідзенка штурхнуў яе, кінуўся ўцякаць. Калі да яе падбеглі Макар Башукевіч і Ліпанава, дык доўга не маглі дабіцца, у чым справа.

Вера плакала наўзрыд, захліпаючыся слязьмі, і толькі вымаўляла адно і тое ж:

— Я ведала... ведала... ведала...

***

Следчы дакапаўся да ўсяго: сабраў усю Дземідзенкаву пісаніну, у якой ён спрабаваў ашальмавадь сумленных людзей. Былі ў яго і тыя пісьмы, якія пасылаў ён за чужым подпісам. Але даказаць крадзёж малака не ўдалося.

На ўсё жыццё запомнілася Веры тое апошняе спатканне з бацькам. Ён сядзеў насупраць яе, глядзеў некуды ўбок з выразам зняважанага праведніка. Вера, чырванеючы ад сораму, расказвала пра тое, як злавіла яго з бітонам, поўным малака. Дземідзенка раптам перапыніў яе цяжкім уздыхам:

— Э-эх-х, дочанька... Ну, раззлавалася на мяне, што некалі кінуў тваю маці. Але навошта так злосна тапіць мяне. Усё ж я твой бацька, а ты так бессаромна хлусіш...

Гаворачы гэта, ён пазіраў на яе з невыказным сумам і такімі шчырымі чыстымі вачыма, што Веры здалося на імгненне: можа яна сапраўды памылілася? Яна не вытрымала яго позірку, адвяла вочы і ўжо са злосцю, цвёрда адрэзала:

— Які вы мне бацька...

У Закружжы першы сустрэў яе Макар Башукевіч. Абодвум было няёмка. Макар адразу ж пачаў калупаць наском бота зямлю. Вера церабіла пуховы шалік. Яны маглі разысціся, не сказаўшы адзін другому ні слова, бо сустракаліся ўсяго трэці раз, але нешта прыцягвала іх.

— Засудзяць яго? — нарэшце запытаўся Макар.

— А вам шкада?

— Маці шкада... А можа і не. Сорамна надта.

— Думаеце, мне лягчэй? Праз столькі гадоў знайшла бацьку... I... лепш бы не знаходзіла.

— Так як мне лепей было не ехаць. Хацеў было на цаліну махнуць. Напісаў дамоў, маці ў слёзы. Як ні кажы — маці. Паехаў. I вось маеш... Трэба было адразу адсюль уцячы.

— А куды вы хацелі паехаць?

— Сам нават не ведаю. Проста моташна было. Хоць у вір галавой.

— А якая ў вас спецыяльнасць?

— Перад арміяй дзевяць класаў закончыў. У калгасе да самага прызыву пасаду займаў — хто куды пашле. Чулі пра такую? У арміі зенітчыкам быў. Наводчык. Спецыяльнасць, так сказаць, сугуба вайсковая, да мірных мэт ніякага дачынення не мае.

— Дык куды вы паедзеце? — паспачувала Вера. — Я вось таксама спрабавала ўцякаць. А потым падумала і вярнулася. Заставайцеся тут.

— Гэта праўда, — згадзіўся Макар. — Уцякаць цяпер не выпадае. Ліпанава раіла ферму на сябе ўзяць.

Размова аб агульным горы неяк зблізіла іх. Яны развіталіся. моцна паціснуўшы адзін другому рукі, быццам заключылі маўклівы дагавор на ўзаемную падтрымку.

XIII

Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з імі і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на іржышчы і барвовай квеценню лісцяў.