Читать «Паплавы» онлайн - страница 178

Алесь Асіпенка

— Яны хочуць, каб я пісаў так, як і ўсе, — адразу ж пачаў ён, — але я гэтага не хачу.

— Ну і дзівак, — адказала Вера. — Навошта ж ты выстаўляў карціну, калі цябе не цікавіць думка людзей. Няхай бы вісела ў тваёй кватэры, — і яна, не развітаўшыся, пайшла.

Рамір дагнаў Веру. Доўга ішлі моўчкі. Потым Рамір загаварыў нейкім незвычайным голасам:

— Я люблю цябе, Вера. Я адчуў, што цябе не хапае для майго шчасця.

Вера ўважліва паглядзела на яго, падала руку.

— Бывай, Рамір. Той дурной дзяўчыны, якую ты намаляваў з адным вокам, ужо няма. Яна цяпер ўсё добра бачыць. А вось ты многае ці не можаш, ці, можа, не хочаш разгледзець. Калі разгледзіш, скажаш мне, тады і пагаворым.

XII

Кожны дзень, а на дні па тры разы атакоўвалі даяркі ўчотчыцу Феню Крушаль, высвятлялі, колькі яшчэ трэба надаіць малака, каб выканаць узятыя на камсамольскім сходзе абавязацельствы. Камітэт камсамола вынес рашэнне, якое было падтрымана ў райкоме камсамола. У ім было запісана, што як толькі абавязацельствы будуць выкананы кожнай даяркай, над закружскай фермай будзе запалена чырвокая зорка. Яна абвесціць усім калгаснікам аб перамозе дзяўчат. Таму так і хваляваліся даяркі.

Феня, не спяшаючыся, перагортвала сшытак, падлічвала, колькі малака надоена. К канцу верасня на першае месца вырвалася Зіна Асташка. Яна ўжо надаіла ад кожнай каровы па тысячы восемсот літраў малака. Амаль столькі было і ў Ніны Шумейка. Іншыя дзяўчаты адставалі, хоць і яны вось-вось павінны былі давесці надоі да запаветнай рыскі. Затое ў Матроны Башукевіч справа не ладзілася. Неяк адразу пасля таго, як каровы былі перагнаны на ферму ў Закружжа, Матрона пачала надойваць усё менш і менш малака. Дзяўчаты злаваліся.

— Усіх нас падводзіш, — крычала на Матрону Ліда Раковіч. — Не было б цябе тут, дык мы гэтую зорку тыдні праз два запалілі б над фермай. Адна ты адстаеш...

— Мне больш не зорка падыходзіць, а працадзень. На дадатковую аплату выцягну, — слакойна адказвала Матрона.

— Архаічны ты чалавек, Матрона,— не выцерпела Ева.

Дзяўчаты рагаталі з гэтага любімага слова былога сакратара камітэта камсамола. Але Еву падтрымлівалі: аказваецца, яна ўмела не толькі гаварыць, але і працаваць. У спрэчку ўмешваўся Дзяжэвіч:

— Праз месяц падлічым, колькі надаілі малака, раздзелім на ўсіх пэроўну, і шабаш дзела, — зорка будзе вісець над фермай.

— Хітры надта...

— Мы ж бралі абавязацельствы не па сярэдніх надоях, а па надоях ад кожнай каровы.

— Хлусіць вучыш, замест таго, каб працаваць.

Дзяжэвіч абзываў дзяўчат «курынымі галовамі» і ўцякаў далей ад іх.

Дзяўчаты прасілі Веру памагчы адсталым. Вера падоўгу гутарыла з Матронай Башукевіч. Тая слухала яе ўважліва, выконвала ўсе парады, але ад гэтага малака ў кароў не прыбаўлялася. Тады аднаго разу Вера ўвесь дзень правяла на ферме, прасачыла за тым, як Матрона доіць кароў, і здзівілася: малака прыбавілася. Потым надоі зноў знізіліся. Матрона растлумачыла гэта проста.

— Ад вока ўсё. Каровы дурное вока не любяць. А гэта Шумейкава ўвесь час мне зайздросціла, вось вам і прычына.

— Што вы, Матрона Максімаўна... Дурное вока — выдумка. Вы ўжо лепей пастарайцеся. Нядаўна Ліпанава казала, што ў «Прагрэсе» вось-вось нас абгоняць.