Читать «Паплавы» онлайн - страница 179

Алесь Асіпенка

— Добра, — паабяцала Матрона, — пастараюся, шануючы вас. Падабаецеся вы мне, ну вось слоў няма як!.. Наведаліся б калі-небудзь да нас. Стары мой ужо надоечы пытаўся, чаму вы не заходзіце. Ён жа на вучоныя размовы ласы. Ды і з сынам пазнаёміць вас хачу. Хоць вы ўжо можа і знаёмыя.

— Так, ведаю. Сустракалася аднойчы.

— Ну, вось бачыце. А малако, дасць бог, прыбавіцца. Мае кароўкі перад ацёлам болей даюць.

Вера паабяцала зайсці, але ўсё не было часу. Яна арганізавала заатэхнічныя курсы ў кожнай брыгадзе, і цяпер работы хапала. А тут даводзілася яшчэ ездзіць па калгасных справах, даставаць насенне траў. I ўсё ж яна зайшла б да гэтых прыветлівых людзей, каб не здарыўся той выпадак.

Неяк Вера затрымалася ў глінішчанскай брыгадзе і на закружскую ферму прышла тады, калі дзяўчаты закончылі ўжо даіць кароў. Яшчэ за паўкіламетра да фермы пачула яна іх песні і была вырашыла, не заходзячы ў хлеў, пайсці дадому. Але нешта ўладна цягнула яе на ферму. Ноч была цёмная, пахмурная. Толькі непадалёк ад хлява яна ўбачыла, як з дзвярэй вылузнулася чыясьці постаць. «Можа вартаўнік?»— падумала яна. Наддаўшы кроку, яна пайшла напярэймы. Чалавек нёс штосьці беласатае і доўгае. Яшчэ нічога не падазраючы, яна параўнялася з ім і адразу пазнала Дземідзенку.

— Адкуль гэта вы, Анатоль Сцяпанавіч? — запыталася яна, і ёй здалося, што Дземідзенка ўздрыгнуў. — Можа з фермы? Там ужо нікога няма?

— Даўно ўжо нікога няма.

Дземідзенка спорна адмерваў крокі. Вера трухала побач.

— А я вось затрымалася ў Глінішчах. Хацела пацікавіцца надоямі.

— Стараецеся, а карысць будзе адна. У нас чалавека не шануюць.

— А вы адкуль ідзяцё? — запыталася Вера.

— Хадзіў у Загор’е. Ды вось абцямнеў.

Здрадлівы халадок падкраўся пад самае Верына сэрца. «Злодзей. Гэта ж яны з Матронай крадуць малако. Таму і надоі ў яе кароў малыя. Што ж рабіць?» — пакутліва думала Вера.

— Ну, мне сюды, — сказаў Дземідзенка і хацеў ужо звярнуць на бакавую сцежку.

Недзе ўдалечыні пачуліся галасы.

— Я вось што хацела ў вас запытаць, — Вера пакутліва прыдумвала, як затрымаць Дземідзенку. Яны былі ўжо ля самай вёскі, і цяпер Вера не баялася. Ды і недзе побач ішлі людзі. — Ці не параіце вы мне кватэру. Ведаеце, у Шумейкі надта ўжо цесна.

Яна спынілася. Адчувала, што Дземідзенка страшэнна нервуецца, і неяк была рада гэтаму.

— Абавязкова пашукаю, — сказаў ён і зноў хацеў пайсці.

Тады Вера, неяк адразу асмялеўшы, дакранулася да бітона.

— Што вы несяцё?

Дземідзенка скалануўся. Потым зашаптаў:

— Пасынак усё: дастань самагонкі. Такі ўжо, скажу вам, латруга: не паспее падняцца з пасцелі — падавай гарэлку.

— Хлусіце вы. Гэта малако крадзенае.

Дземідзенка соп. Недзе ўжо зусім блізка было чутно, як размаўляюць два чалавекі. Вера на ўсялякі выпадак адступіла крокі два назад.

— Што вы, што вы?!. Якое малако... Гарэлка.

— Пакажыце.

Дземідзенка хацеў пайсці. Ён зрабіў крок, але Вера спыніла яго.

— Я крычаць буду.

— Дачушка, навошта?.. Свае людзі, для цябе ж і стараюся.