Читать «Паплавы» онлайн - страница 181

Алесь Асіпенка

3 раніцы яшчэ ярка свяціла сонца, але пад поўдзень набягалі чорныя хмары, секлі зямлю касымі золкімі дажджамі. 3 іх палону часам вырывалася халаднаватае бліскучае сонца.

Некалькі дзён дождж то надціхаў, то зноў самотна шумеў у голлі, шамацеў у апалым лісці, дробным шротам стукаў у шыбы. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Уздулася, зашумела ў чаротах і лозах Пітамка, нібы пагражала затапіць усё наваколле. Глуха і самотна было ў полі. Уся работа перанеслася на такі, на фермы. Кароў ужо амаль не выганялі. Кармілі батоўем, атавай канюшыны, буракамі, бульбай. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады корму не хопіць. Дзяўчаты беражліва і толькі па Верынаму загаду выдаткоўвалі кармы. Але надоі не толькі не паменшыліся, а нават павялічыліся. Вера тлумачыла гэта тым, што догляд цяпер праводзіўся па строгаму распарадку. Цяпер ужо кожнаму было відаць, што абавязацельствы будуць выкананы раней прадугледжанага тэрміну. Затрымка была пакуль за дзесяткам кароў, якіх даіла раней Матрона Башукевіч. Але цяпер, калі яе замяніла Ева, надоі адразу павялічыліся, бо, увогуле, гэты дзесятак кароў быў найлепшы з усёй фермы.

I вось настаў той дзень, калі ўчотчыца Феня Крушаль аб’явіла, што кожная даярка выканала абавязацельствы.

Было гэта ўранку. Скрозь невялікія вокны цадзілася скупое шэрае святло. Дождж гулка стукаў па даху. Але дзяўчаты не чулі яго. Перш за ўсё яны кінуліся да Евы, падхапілі яе на рукі, пачалі гушкаць, быццам яна была самай галоўнай віноўніцай урачыстасці. Ева высока ўзлятала пад столь і ўвесь час крычала:

— Ой, дзяўчаты, пусціце!.. Ну, што вы, архаісткі, робіце!

Яе яшчэ раз падкінулі і шпурнулі на кучу капусных лісцяў.

— Зіну, Зіну цяпер.

— Давайце Зіну, яна лёгкая.

— Веру Антонаўну! — крыкнула Ніна, і дзесятак рук падхапіў Веру. Не паспела яна апамятацца, як ужо ляцела ўверх.

Затым падкідалі другіх, нават хацелі і Аксінню Пляскач, але яна, узяўшы паплавок ад малакамера, прыгразіла:

— Майце, дзеўкі, на ўвазе, калі хто падыдзе, дык так і засвячу цераз лоб.

Канькоў яшчэ здалёк пачуў лямант і віск, падумаў, ці не здарылася што на ферме? Ен было пусціўся подбегам, але як толькі пачуў рогат, здагадаўся, што дзяўчаты блазнуюць. У хляве, здавалася, было цемнавата. Канькоў спыніўся ў дзвярах і тут яго апанавалі дзяўчаты.

— Гушкаць старшыню!..

— Цукеркі прынеслі?

— Віншую, дзяўчаты, з перамогай і ад імя ўсяго праўлення і асабіста ад сябе выношу шчырую падзяку, — ён пачаў паціскаць дзяўчатам рукі.

Яны, прыціхлыя, нясмела жартавалі:

— Скупаваты старшыня.

— Думае, так абыдзецца...

— Хоць бы граматы далі.

— Пакуль граматы, а чырвоны куток патрэбны.

— Радыё ніколі не чуем.

— Хіба пяць рублёў за адну кропку шкада.

— Усё, дзяўчаты, будзе: і радыё, і святло, і прэміі, думаю, будуць. Не адразу толькі. Адно скажу, што перамогу вы атрымалі надзвычай вялікую. Заўтра мітынг правядзем, запалім на ферме чырвоную зорку. Ну, яшчэ наконт таго-сяго падумаем. А цяпер давайце рапарт у райком напішам.