Читать ««Приласкать и уничтожить!»» онлайн - страница 49

Алесь Петрашкевіч

Луцкевіч. У гэтым яшчэ была нейкая перспектыва… Але пры сустрэчы з Леніным я пераканаўся, што прыярытэтам для бальшавікоў з’яўляецца не дэмакратычны парламентарызм і агульнанацыянальныя праблемы, а выключна класавая барацьба, планетарная.

Гісторык. Дзіва, што пры гэтым вы пагаджаліся на федэратыўны саюз БНР з бальшавіцкай Расіяй.

Луцкевіч. Пагаджаліся толькі пры ўмове незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, што аніяк не адпавядала класава-імперскім інтарэсам бальшавікоў. Хоць на тое, каб беларускія дзеячы, акрамя членаў урада БНР, засталіся ў Менску пасля зыходу германцаў, Ленін згоду даў.

Гісторык. I беларускія дзеячы ўлезлі ў гэту бальшавіцкую пастку?..

Луцкевіч. Асабіста я стаяў на тым пункце гледжання, што НАЦЫЯ — гэта нешта вечнае, што павінна існаваць і выяўляць сваю жыццёвасць заўсёды і пры ўсякіх абставінах і пры любых ахвярах у барацьбе з духоўным, нацыянальным і сацыяльным рабствам. Улезшы ў пастку, мы займелі нашых прыхільнікаў-адраджэнцаў у кіраўніцтве Інбелкульта, Акадэміі навук, Наркамаце асветы, выдавецтвах, творчых суполках і нават у асобе наркома сельскай гаспадаркі. Беларусізацыя Айчыны і вяртанне нацыі да сваёй роднай мовы была вартая нашых ахвяр. Без іх сённяшняя Беларусь не мела б ні народнага фронту, ні самой дзяржаўнасці, ні абуджанай нацыі, якую ўжо не ўбаюкаць ніякім сірэнам ад шавіністаў і калабарантаў. У становішчы, смяротна небяспечным для нацыі, мы мала зважалі на сталінскую дырэктыву нас «приласкать и уничтожить», а наадварот, напоўніцу пакарысталіся амністыяй для адраджэнцаў-бэнээраўцаў. Ды і хто мог уявіць, што бальшавіцкая падступнасць стане чумой XX веку, а савецкая імперыя ператворыцца у імперыю зла і стане ўпоравень з імперыяй нацыянал-фашысцкай, з іх незлічонымі ахвярамі. А сярод іх і мы, адраджэнцы з мінулага стагоддзя.

Прывід Луцкевіча знікае.

Сцэна асвятляецца.

Гісторык (да залы). Спадарове суайчыннікі, ушануем мінутай смутку памяць барацьбітоў за волю народа і незалежнасць Першай Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх былі многія тысячы. Перад намі ж прайшлі некалькі выканаўцаў іх роляў у тэатральным відовішчы.

Пад гэтыя словы паволі апусціцца заслона ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга. Перад ім да Гісторыка з супрацьлеглай кулісы будуць падыходзіць выканаўцы роляў у турэмнай паласатай вопратцы і выстройвацца на фоне сцяга. Гісторык назаве кожнага паіменна.

З’яўляецца Шантыр.

Шантыр Фабіян Гіляравіч — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст. У 1920 годзе Асобым аддзелам 16-й Чырвонай Арміі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Навазыбкаве.

З’яўляецца Фальскі.

Фальскі Усевалад Сцяпанавіч — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч. У 1921 годзе прыгавораны ЧК Беларусі да зняволення ў Смаленскай катаржнай турме. Далейшы лёс невядомы.

З’яўляецца Бадунова.

Бадунова Палута Аляксандраўна — дзеячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца. У 1938 годзе прыгаворана да вышэйшай меры пакарання. Расстраляна ў Мінску.