Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 6
Уладзімір Арлоў
Ад’язджаючы ў нядзелю, мама дала наказ: абавязкова піць сырадой, прычым не толькі па раніцах, але ў абед і ўвечары. У вайну яна хварэла на запаленне лёгкіх і, паводле яе глыбокага пераканання, засталася жыць выключна дзякуючы сырадою, бо кароўку ўдавалася хаваць і ад немцаў, і ад партызанаў. Вера ў цудадзейныя ўласцівасці малака не пакідала маму ніколі.
Мама не памылілася. Вяровачка мяне ні разу не разбудзіла. Я вярнуўся ў свой пакой справа ад вітальні, і вокны ў ім ужо адчыняліся наросцеж.
8
Ад тых прыгодаў прамінула цэлыя чатыры зімы і тры леты.
Вясна апошняга школьнага года засталася ў памяці ранняй і ласкаваю. Я пачуваўся зусім самастойным: па-даросламу, як у нас тады казалі, сустракаўся з прыгажуняю Лорай з паралельнага класа, рыхтаваўся да выпускных экзаменаў і збіраўся стаць студэнтам гістарычнага факультэта ў сталіцы.
Лора жыла з маці, якая часта працавала ў начную змену. У такія дні я вяртаўся дадому пад раніцу, асцярожна адмыкаў дзверы і шчасліва выцягваўся на ложку пад выразанымі з польскіх часопісаў партрэтамі Джона Ленана і Міка Джагера. Мае неверагодна адчувальныя, як нядаўна высветлілася, смочкі нават ад дотыку прасціны зноў запальвалі жаданне, інтымна дамаўляючыся з якім я і правальваўся ў кароткі сон.
Фігурыстая, з воблакам медных валасоў і агатавымі вачыма, Лора сталася і каханкаю, і сяброўкай. У другой іпастасі яна замяніла Артура, што пасля восьмага класа паступіў у мараходку і прыслаў на памяць пра дзіцячае сяброўства дзве паштоўкі з балтыйскімі краявідамі, якія разам з іншымі рэліквіямі знайшлі сабе месца ў шуфлядцы маёй роднай швачнай машынкі, як і раней засцеленай салатавым настольнікам.
Неяк увечары я вырашыў зрабіць у гэтай маленькай кунсткамеры рэвізію. Апрача Артуравых мараходных паштовак, пакруціў у руках колькі старадаўніх манет, потым старую блешню са шпуляй лёскі ды свой першы гадзіннік, што даўно стаміўся вымяраць час. Цёпла адгукнулася ў душы важкая ад пяску бляшанка з-пад гуталіну, з якой я паспяхова гуляў на асфальце ў «класікі».
У глыбіні вузкай шуфлядкі сумаваў альбом з маркамі, а пад ім зелянеў агульны сшытак майго даўняга дзённіка.
Сэрца злёгку падскочыла: няўжо гэта я выводзіў такія роўныя радкі з круглявымі літарамі, не падкрэсліваючы, як цяпер, «ш» і не пішучы друкаванае «т»? Вока выхоплівала фрагменты па-дзіцячы наіўных сказаў з акуратна выпраўленымі зверху памылкамі. Мільганула думка пагартаць знойдзены помнік пісьменства разам з Лораю, але там сустракаліся імёны іншых дзяўчатак…