Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 8

Уладзімір Арлоў

10

Я ведаў: гэта не сон, і абсалютна ўсё памятаў і разумеў, хоць усведамленне таго, што дзеецца, прыходзіла з пэўным адставаннем, паступова праяўляючыся на экране свядомасці. Апынуўшыся на двары, я ўспамінаў, як ціхутка зачыняў дзверы і спускаўся па лесвіцы. Прамінуўшы арку і ступіўшы на вулічны ходнік, «бачыў», як пераходжу начны двор. Пакінуўшы за спінай даўно зачынены касцёл і павярнуўшы на закінутую дарогу да Гатэля, я запознена сустракаўся позіркам са святымі Пётрам і Паўлам, якія аздаблялі франтон, але не маглі нікога багаславіць, бо ў кожнага хтосьці рупліва адбіў рукі.

Сам паварот за мураванай касцельнай агароджаю «даганяў» мяне ўжо на закінутай дарозе, што ад часу нашых з Артурам адважных экспедыцый зарасла не толькі травою, а сям-там і хмызняком. Аднак прамежкі паміж маімі дзеяннямі ды іхняй «трансляцыяй» хутка скарачаліся. За плотам яны канчаткова знікалі, і я, можна сказаць, нарэшце супадаў з самім сабой.

Плот пераадольваўся там, дзе і калісьці, а падцягвацца і пералазіць цераз яго не было патрэбы: праз колькі крокаў ад выспы вербалозу, падобнай здалёк да велізарнага вожыка, шырокая дошка трымалася ўсяго на адным верхнім цвіку і лёгка адыходзіла ўбок. Адтуль ледзь прыкметная сцяжынка — дакладней, намёк на яе — наўпрост вяла да саміх непрыкметных гатэльных дзвярэй. Яны, як і астатнія, былі на замку, ды адчыняліся і зачыняліся звычайным цвіком з расплясканай галоўкай. Яго дастаткова было павольна павярнуць тры, а часам і два разы. Кожны меў уласны такі ключ, прычым я не мог прыгадаць, ад каго і калі яго атрымаў.

Дзверы, найверагодней, павінны былі служыць чорным ходам, які праз дзясятак прыступак выводзіў у шырокую прастору першага паверха, дзе, відаць, меркавалася зрабіць рэстарацыю або канферэнц-залу. Два бетонныя маршы і сорак восем засыпаных бітым шклом і тынкам прыступак вялі на другі паверх. Потым лесвічныя пралёты рабіліся карацейшыя, і паміж паверхамі заставалася па трыццаць прыступак, што аўтаматычна адлічваліся ў паўзмроку. На кожным паверсе на два бакі разыходзіліся кароткія цёмныя калідоры з прахонамі для дзвярэй гатэльных нумароў. Аднаго разу тарганулася жаданне прайсці па калідоры. Я зрабіў колькі крокаў, але прыцемак наперадзе адразу згусціўся, папярэджваючы, што мне туды не трэба.

Мне трэба было на шосты паверх, адкуль заставаліся апошнія прыступкі да выйсця ў зорнае неба.

11

Мы ішлі па адным і ніколі не сустракаліся, бо кожны меў свой маршрут, ды часам, ужо на закінутай дарозе да Гатэля, я мог знячэўку ўбачыць наперадзе невысокую, вузкаплечую і трохі нехлямяжую постаць Настаўніка, які рухаўся, здавалася, нейкімі рыўкамі — то павольна, то паскараючы крок. За ім, крыху воддаль, нязменна ішла Гімнастка. Маленькая, танклявая, але налітая сілай, яна, наадварот, крочыла рытмічна і лёгка, так, быццам пад ступачкамі ў яе былі схаваныя спружынкі, што падкідвалі цела над зямлёй. Юная зорка спартыўнай гімнастыкі, як называла яе гарадская газета, вучылася ў восьмым класе суседняй школы. Я запамятаваў, дый не хацеў узгадваць ейнага імя, бо яно магло парушыць загадкавы баланс таго, што з намі адбывалася.