Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 7
Уладзімір Арлоў
Сярод старонак вытыркалася закладка — пажоўклы лісток календара, што прымусіў кроў пабегчы па жылах хутчэй.
Але сюжэт толькі пачынаў закручвацца.
9
У няпісанай гарадской тапаніміі тая спаруда над Дзвіной мела дзве назвы: Гатэль і База. Сваёй загадкавасцю і
Некалі ў тым будынку меліся адкрыць спартовую базу з гатэлем для весляроў і яхтсменаў.
З тае прычыны спаруда сапраўды нагадвала карабель: супроць рачной плыні быў павернуты ветразь з арматуры і цёмнага, амаль чорнага шкла, пад якім намагаўся трымацца на плаву бетонны галіён з палубамі-паверхамі. Мы з Арцікам спрабавалі называць гэты «карабель» Лятучым Галандцам, ды пастанавілі адмовіцца ад рамантычнага наймення. Лятучай лёгкасці там і не начавала: цяжкі шасціпавярховы бетонны кубік меў яшчэ і нізкую грувасткую карму. Будоўлю закінулі гады чатыры таму. Ветразь зеўраў шматлікімі квадратамі з выбітым — ці то звонку, ці то знутры — шклом, а зашкліць вокны самому Гатэлю так і не паспелі.
Калісьці там адбылася жахлівая падзея: загінулі хлопец і дзяўчына. Адны лічылі, што яны выпадкова сарваліся з высачыні, другія — што скончылі жыццё самагубствам, трэція сцвярджалі, нібыта з гатэльнага даху іх хтосьці скінуў. Следства, казаў тата, скончылася нічым. Што б тады ні здарылася, але ўдзень Гатэль, які чакаў лепшых часін за пакінутым будаўнікамі высокім плотам, нязменна выклікаў у душы лёгкую трывогу, што, праўда, не палохала, а, наадварот, вабіла. Мы з Артурам некалькі разоў даследавалі тыя мясціны, і кожная такая выправа пакідала адчуванне дотыку да таямніцы.
Вакол пацямнелага ад дажджоў дашчанага плота буяў бур’ян і гусцелі астраўкі вербалозу. Утравелая дарога падводзіла да забітай крыж-накрыж брамы і, ператварыўшыся ў сцежку, паварочвала направа. Сцежка пакрысе рабілася больш зарослай, аднак знаходзіла сілы абабегчы ўсю згароду і, амаль зніцеўшы, вярнуцца да брамы. Калі, абдзіраючы рукі і ногі, мы пералазілі плот з боку ракі, то апыналіся ў тыле колішняй будаўнічай пляцоўкі, дзе ацалеў лапік поплава з высокай травой і дываном красак — смолак, зязюльчыных слёзак, званочкаў, піжмы, белага і жоўтага донніку, мышынага гарошку… — за веданне ўсіх гэтых назваў я ўдзячны сваёй бабулі.
Вядома, у тых рызыкоўных вылазках мы з Арцікам спрабавалі патрапіць і ў сам Гатэль. Але ўсе пяць ягоных дзвярэй заўсёды стаялі замкнёныя, а з замочных адтулінаў тырчала пакулле. Ніхто не ведаў, што магло чакаць за тымі дзвярыма, і надыходзіў момант, калі ўзнікала адчуванне, быццам нехта спрабуе адчыніць дзверы і з таго боку. Тады мы, не згаворваючыся, адступалі да плота і адно за ім адважваліся кінуць праз шчыліну позірк назад. Усе ўваходы па-ранейшаму былі зачыненыя, ды мы не сумняваліся: