Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 4
Уладзімір Арлоў
На шчасце, мама не зрывала з календара лісткі, бо пры канцы года выбірала надрукаваныя на адгортах кулінарныя рэцэпты, і я без праблем знайшоў дзень з «бэзавай» ноччу. Чорны кружок у правым ніжнім куце старонкі неабвержна сведчыў, што месяц на неба тады не выходзіў, значыць, быў западозраны цалкам беспадстаўна. Хоць, магчыма, і не зусім, бо ён усё ж быў прысутны сярод зорак, але — павярнуўшыся да Зямлі неасветленым бокам.
Лісток ніякіх карысных парадаў не ўтрымліваў, а таму я без згрызотаў сумленна адарваў яго і схаваў у шуфлядку стала, пры якім рабіў хатнія заданні, — праўдзівей, не стала, а засіўленай салатавым абрусікам мамінай нажной швачнай машынкі
Напрыклад, паход у бібліятэку.
6
Патрэбны цяжкі жоўты том «Дзіцячай энцыклапедыі» называўся «Чалавек». Такіх сур’ёзных кніг у школьнай бібліятэцы дадому не выдавалі, аднак мне як заслужанаму чытачу зрабілі да заўтрашняй раніцы выключэнне.
Уладкаваўшыся за швачнай машынкай і раз-пораз націскаючы ад хвалявання на шырокі понаж, я высветліў: артыкула пра лунацізм у кнізе няма, але не паспеў засмуціцца, бо раздзел, прысвечаны сну, разгарнуўся акурат на малюнку, які ўмомант заваражыў.
Па гзымсе старадаўняга трохпавярховага будынка на чорным тле ночы спакойна ішоў мужчына ў паліто і цыліндры, а ўнізе, на вузкай брукаванцы, панаваў пярэпалах: пасажыры двух экіпажаў разам з мінакамі, закінуўшы галовы, у жаху сачылі за лунацікам. Пра тое, што гэта быў менавіта ён, сведчыў подпіс:
На той жа старонцы я праглынуў некалькі дзясяткаў радкоў, якія апавядалі, што лунацізм — рэдкае парушэнне сну, калі чалавек, не прачынаючыся, устае з пасцелі, блукае па доме або падымаецца на дах і дэманструе неверагодны спрыт у рухах. Пасля гэтага ён вяртаецца ў ложак і ўранні нічога не памятае. Насуперак пашыранаму меркаванню, таямнічы ўплыў месяца тут ні пры чым, бо лунацікі выходзяць на прагулянкі і ў бязмесяцавыя ночы, і падчас дзённага сну, а таму ў навуцы апісаная з’ява называецца самнамбулізмам. Энцыклапедыя раіла ні ў якім разе не палохаць лунаціка, не будзіць яго, а пастарацца асцярожна адвесці назад у ложак. Бацькі таго відавочна не ведалі, але доктар іх, пэўна, ужо адукаваў.