Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 5
Уладзімір Арлоў
Я адарваўся ад кнігі і перавёў дыханне. За вакном апусціўся вечар, і на небе заззяла зорка Венера. Заставалася даведацца, што начныя блуканні залежаць ад успышак узбуджэння ў асобных частках заснулага мозгу і могуць быць прыкметаю развіцця эпілепсіі. Вось тая хвароба на «э», пра якую пытаўся доктар!
Што такое эпілепсія, наш клас добра ведаў дзякуючы рыжаму Яшу, якога гэтая хвароба схапіла сёлета на кантрольнай па алгебры. Уявіць сябе на ягоным месцы мне не хацелася, а таму я з велізарнай палёгкаю прачытаў: самнамбулізм паддаецца лекаванню! Успамін пра Яшаў прыпадак не даваў спакою, і на дадатак да блакітных пігулак я на хаду вынайшаў новы сродак лекавання: перад сном буду прывязваць вяровачкай левую руку да білца ложка.
На сон я пачытаў і пра летаргію. Знакаміты расейскі фізіёлаг Паўлаў назіраў хворага, што праспаў дваццаць гадоў. На малюнку дзяўчына, якую везлі на катафалку ў труне, уздымала ейнае вечка, разганяючы пахавальную працэсію. Энцыклапедыя суцяшала, што сучасная навука такія выпадкі выключае. Яшчэ больш супакоіла і нават развесяліла фраза з артыкула пра сны: чалавек усю ноч праспаў, а ўранні распавядае, як хадзіў на паляванне з людзьмі свайго племені. Хацелася б мне прысніць маё племя.
7
Між тым чацвёрка па гісторыі была выпраўлена, і, прагрукатаўшы навальніцаю, прыйшоў чэрвень. Такой парой мяне штогод адпраўлялі на лета ў бабуліну вёску. Але дзень прамінаў за днём, а я па-ранейшаму глытаў нанач блакітную пігулку, прывязваўся да ложка вяровачкай і засынаў з новай кніжкаю фантастыкі.
Там, на далёкай планеце, расло дзівоснае дрэва, вершаліна якога гублялася ў захмар’і. Прыхадні з Зямлі, узброеныя магутнымі піламі, уздымаліся па дрэве-волаце, каб спілоўваць галіны, здабываючы каштоўную драўніну. Аднак іхняя дзейнасць не заставалася беспакаранай. Дрэва баранілі тубылкі-дрыяды. Мне снілася, што мы з Артурам далучыліся да іх і жылі ў дуплах на вышыні кіламетра. Там, у густой лістоце, мы чакалі чарговага зямляніна, каб бязлітасна скінуць яго разам з крукамі, вяроўкамі ды піламі ў зялёную бездань. Зрэшты, на такі выпадак шкоднікі мелі парашуты.
Падзяліцца сном ужо не было з кім: мой паплечнік з’ехаў з бацькамі на мора. Заставаўся дзённік, які захаваў звесткі, што назаўтра пасля нашай гераічнай абароны ад зямлянаў тата абвясціў: курс прапісаных мне пігулак сканчаецца, і ў пятніцу ягоны кіроўца адвязе мяне ў вёску.
Дарогаю, апавядае дзённік, я згадваў, як некалі, малы, быў перакананы, што — калі пры канцы жніўня ад’язджаў назад у горад — жыццё ў вёсцы замірала: бабуля і цётка з маімі стрыечнымі сястрычкамі застывалі пры весніцах, тое самае адбывалася з каровамі на пашы пры лесе, да новага лета заціхалі і гракі на старой бярэзіне. Усё спынялася, пакуль маё новае з’яўленне пры канцы вясны зноў не запускала таемны механізм усеагульнага руху. Як даўно тое дзеялася! Я быў на парозе дарослага жыцця і лекаваўся ад цалкам дарослай хваробы — уваччу стаяў чалавек у цыліндры, што імкліва крочыў па даху.
Мама сказала, гэтым летам давядзецца выконваць пэўныя правілы: спаць буду, дзе і раней, у другім пакоі бабулінай хаты, а вось начаваць на свежым сене ў адрыне будзе забаронена, і зразумела — чаму. Мама вырашыла развіць думку ў жартоўным кірунку: я магу сесці ўначы на станцыі ў цягнік і апынуцца, напрыклад, у Адэсе. І што ім з татам тады рабіць? Перспектыва выйсці з цягніка ў Адэсе выглядала зваблівай, ды я, намацваючы ў кішэні сваю начную вяровачку, пагадзіўся: лепей усё ж выправіцца туды разам з бацькамі, што было абяцана пасля сёмага класа.