Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 3
Уладзімір Арлоў
Назваўшы мяне «маладым чалавекам», доктар папрасіў пачакаць у калідоры і запусціў у кабінет бацькоў. Мама няшчыльна зачыніла дзверы — і, як пішуць у кніжках, я адразу ператварыўся ў слых.
Пачуць удалося вобмаль. Спярша ў маміным выкананні я выслухаў добра знаёмую гісторыю. Я-маленькі не баяўся цемры, смела заходзіў у цёмны пакой, зачыняўся і доўга глядзеў на неба. З’явіўшыся пасля астранамічных назіранняў перад бацькамі, я — бо толькі нядаўна загаварыў — быў лаканічным:
Потым я разабраў, што доктар пацікавіўся, ці не хварэю я на нейкую хваробу на літару «э».
4
Візіт у «дарослы» шпіталь меў два наступствы: па-першае, перад сном мяне пачалі карміць блакітнай саладкаваю пігулкай, а па-другое, адбыліся перастаноўкі ў нашай трохпакаёўцы на другім паверсе. Раней я спаў у пакоі, дзверы ў які вялі адразу з вітальні. Цяпер мой ложак перавандраваў у спальню да бацькоў, дзе можна было апынуцца, пакінуўшы за сабой так званую «залу» з канапай, двума фатэлямі ды чорнабелым тэлевізарам, бо каляровыя ў гэтых шыротах тады проста не сустракаліся. У выніку пературбацыі «зала» сталася адначасова і бацькоўскай спальняй.
Такім чынам, я быў узяты пад пільны нагляд, але на перастаноўках перамены не скончыліся. Вакно ў маёй новай рэзідэнцыі адчынялася ўсяго на далонь, а далей яму перашкаджалі дзве заглушкі з прышрубаваных да рамы старых дзвярных ручак. Трэцяя заглушка блакавала фортку.
І сапраўды, каб зразумець, што адбываецца, я пражыў ужо дастаткова. Рэч не ў міжволі падслуханай мамінай тэлефоннай размове:
З вядомага мне раней вынікала, што ў поўню лунацікі выходзяць на дахі і любяць ісці па самым краі. Артурава бабуля расказвала нам, як вельмі даўно, за царскім часам, лунацік перайшоў па парэнчах мост цераз Дзвіну.
5
Аднаўляючы ў памяці сваё абуджэнне на лавачцы пад бэзам, я, хоць забіце, не мог узгадаць, каб на небе была поўня або наогул месяц. З урокаў прыродазнаўства ў чацвёртым класе я засвоіў, што калі серп зямнога спадарожніка выглядае як літара «С» — месяц сыходзіць, або, іншымі словамі, знаходзіцца ў апошняй квадры, а калі, правёўшы ад адной «дзюбкі» да другой простую лінію і працягнуўшы яе ўніз, вы атрымаеце літару «Р» — месяц расце. Што ж дзеялася ў тую ноч? І тут, як казалі ў нас у двары, хтосьці даў мне шчаўбана: каляндар! На кухні вісеў адрыўны каляндар, які, апрача ўсяго іншага, паведамляў і квадры месяца!