Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 2
Уладзімір Арлоў
«Спецыяліст» запрасіў спачатку аднаго мяне. Ён застаўся ў памяці найперш акулярамі і чамусьці зусім не нагадваў вясёлых, чарнявых і рудых суседзяў-габрэяў з таго раёна прыватнай забудовы, адкуль мы нядаўна пераехалі ў чатырохпавярховы дом, збудаваны пасля вайны палоннымі немцамі. Дом з высокімі столямі і такімі ж высокімі цяжкімі дзвярыма, з парадным уваходам і шырокімі лесвіцамі ды прасторнымі кватэрнымі пляцоўкамі, дзе цудоўна гулялася ў хованкі і можна было цэлы вечар удала ратавацца ад «вадзілы» — гаротніка, якому выпала доля з завязанымі вачыма паляваць на астатніх.
Гаворка пра хованкі зайшла невыпадкова: доктар цікавіўся маімі ўлюбёнымі гульнямі і, пачуўшы пра хованкі, адразу страпянуўся і ўзяўся штосьці занатоўваць. Яму карцела даведацца, у які час мы гуляем, ці ёсць сярод нас дзяўчаткі і ці даспадобы мне быць тым самым «вадзілам» з завязанымі вачыма. Гулялі мы пераважна ўвечары, дзяўчатак хапала, а соўгацца па пад’ездзе з растапыранымі рукамі і прыслухоўвацца да нечага стоенага дыхання, каб маланкаю кінуцца ў той бок, мне ніколі не падабалася. Пра ўсё гэта я сумленна і паведаміў доктару. Таго мой адказ відавочна расчараваў, і, пашкрабаўшы пальцам скронь, ён вырашыў высветліць, ці часта мне сняцца сны і ці добра я памятаю прыемнае.
Гэты допыт хутка надакучыў, і я вырашыў шыфравацца, адказваючы як мага карацей. Пагатоў, размова скіроўвалася на рэчы, якія належалі да таямніц. Нават сябру Артуру, ці папросту Арціку, з трынаццатай кватэры я не прызнаваўся, што кружляю ў сне вакол вежаў Сафійскага сабора, а бывае, наадварот, спускаюся вельмі нізка і разам з чайкамі імкліва пралятаю над дзвінскаю плынню. Аднойчы мне пашанцавала выхапіць з вады акунька, якога я, аднак, не праглынуў, а выпусціў назад у родную стыхію, прычым, прачнуўшыся, так і не ўзгадаў, як злавіў рыбку — птушынай дзюбаю або чалавечай рукой.
Доктар пачуў, што ягоны пацыент бачыць сны надзіва рэдка і нічога з іх не памятае.
Гаспадар кабінета прыўзняў акуляры і, уважліва гледзячы мне ў вочы, папрасіў працягваць. І тут я, сам не ведаю чаму, мусіць, патрапіўшы пад гіпноз ягонага позірку, прызнаўся, што бачыў у сне аднакласніцу Сіму.
Акуляры цікавіла таксама, якія кнігі я люблю чытаць. Адказ быў імгненна гатовы: падручнікі для сёмага класа. Доктар зноў утаропіўся ў мае вочы. Што я чытаў учора перад сном? Гэтым разам з гіпнозам у яго не атрымалася.