Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 29

Янка Купала

ЯНКА. Шчыра дзякую!

Выходзіць з АЛЕНКАЙ І ГАРОШКАМ. Уваходзіць СПІЧЫНІ.

З'ява VI

Гануля, Мікіта, Спічыні.

МІКІТА. Вельмі паважанаму профэсару маё шчырае, меджду протчым, прывітанне! Як гэта міла з вашага боку, што нават і ў гэтакі трывожны крыху час вы не забываецеся аб маёй адукацыі!

СПІЧЫНІ. Я толькі выпаўняю сваю місію, як і вы,мусье Зносілов, сваю місію. А ўзяўся за гуж — не кажы, што не дуж.

МІКІТА (выкладаючы слоўнікі). Зусім справядліва, мусье профэсар. Мы з вамі высока трымаем свае сцягі: вы сцяг, меджду протчым, навучання, а я — сцяг, меджду протчым, вартавання. I наша патомства калісь занатуе, меджду протчым, нашы іменні на залатой дошцы. Меджду протчым, мамаша, можа, пакінеце на хвіліну гэты пакой, пакуль у нас будуць цягнуцца лекцыі.

ГАНУЛЯ выходзіць.

З'ява VII

Мікіта, Спічыні.

СПІЧЫНІ. Можам прыступіць, мусье рэгістратар!

МІКІТА. Я ўжо гатоў, мусье профэсар!

СПІЧЫНІ. Мы ўжо з вамі прайшлі прывітанні звычайныя і ўчора пачалі так званыя прывітанні шыварат-навыварат. Паўторым тое, што пачалі. Як будзе: сабачая твая кроў?

МІКІТА. Пся крэў, затрацона душа.

СПІЧЫНІ. Як будзе: згінь ты, прападзі, нячыстая сіла?

МІКІТА. Ідзь пан до сту д'яблув за Буг.

СПІЧЫНІ. Вельмі добра, дужа добра! Самае важнае, што не забыліся «за Буг». А цяпер як будзе: не лезь, бо дастанеш поўху?

МІКІТА. Нех се пан не наставя, бо достанеш по пыску і ўтонеш в Немідзэ.

СПІЧЫНІ. Віншую, віншую! Зусім добра. Поступ у навуцы вялікі. Папрабуем затое з іншай бочкі. Перакулеце на наш манер такі зварот: ешчэ Польска не згінэла.

МІКІТА. Яшчэ Польшча не згінула, але збіраецца згінуць.

СПІЧЫНІ. А цяпер ператлумачце: двадзесце пенць.

Уваходзіць НАСТА.

З'ява VIII

Мікіта, Спічыні, Наста.

НАСТА. Можаце віншавацца, панове! 3 пэўных крыніц я напэўна даведалася, што ўжо «нашы» занялі Менск.

СПІЧЫНІ. Як гэта, мамзэль, — нашы?

НАСТА. Ну, палякі, калі вам гэта, пане профэсар, лепей падабаецца.

СПІЧЫНІ. Выбачайце, мусье Зносілов, але мы на сягоння лекцыю спынім. Мушу йсці пільнаваць хаты. Маю гонар кланяцца! (Хоча йсці.)

МІКІТА. А як жа, мусье профэсар, з гэтым «двадзесце пенць»?

СПІЧЫНІ. Заўтра, мсье рэгістратар, пройдзем на практычнай лекцыі. (Выходзіць.)

МІКІТА (крычыць). Меджду протчым, мамаша! Дзядзька беларус! Палякі ў Менску!

Уваходзяць ЯНКА І ГАНУЛЯ.

З'ява IX

Мікіта, Наста, Янка, Гануля.

ЯНКА. Што? У Менску пажар?

МІКІТА. Не пажар, дзядзька беларус, а палякі, палякі! Разумееце?

ЯНКА. Ну, гэта ўсё роўна.

МІКІТА. Вам, чалавеку без рангаў і клясаў у прошлым і без надзеі на асэсарства ў будучым, пэўна, што ўсё роўна, але для мяне, меджду протчым... Гэ-гэ! А цяпер далоў совбурскую форму! (Хоча скідаць куртку.) Ах, пардон! Я забыўся, што мамзэль Наста тут. Але вось гэта можна і цяпер паслаць, меджду протчым, к чорту. (Пачынае кідаць аб зямлю партфелі, апрача партфеля з грашыма.)

ЯНКА. Ці не паспяшыліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца — каб не прыйшлося напіцца.

МІКІТА (пакінуўшы кідаць партфслі). Чаму, меджду протчым?

ЯНКА. А як зноў унеспадзеўкі тыцне ў Менск ваша совбурскае начальства? Што тады вы без гэтых торбаў запеяце?