Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 2

Янка Купала

ЯНКА. А што ж ён, па-вашаму, павінен рабіць у гэтае чыноўніцкае безрабоцце?

ГАНУЛЯ. Што? Хоць бы ўзяў, як іншыя, ды падвучыўся боты шыць або хоць латаць. Ну латаў бы, і капейка жывая была б у хаце, а так... (Махнула рукамі.)

ЯНКА. Трудна такому далікатнаму панічу за гэтакую чорную работу ўзяцца.

ГАНУЛЯ. Які там ён далікатны! Я сама з ягоным бацькам — людзі вясковыя. Мой нябожчык гаспадар жыў пры бацькох на маленькім надзеле. Адзін яшчэ сяк-так мясціўся ў сям'і, а як жаніўся, дык і не хапіла абаім месца. Тады мы ўзялі і пайшлі сюды ў Менск шукаць службы. Спачатку было вельмі цяжка, а пасля нічога сабе. Я мыла людзям бялізну, а ён прыстроіўся ў акружным судзе: быў там пры вешалках і кур'ерам. А вядома, у судзе: народу ўсялякага прыходзіць шмат, ды пакуль там хто дойдзе да вышэйшага начальства, пачынаць мусіў спярша ад ніжэйшага. Гэткім ладам недастачы вялікай не цярпелі ды нават хлопца свайго праз усялякія там навукі да чыноўніцтва давялі. Пасля мой памёр, вечны яму пакой, а я засталася адна са сваім Мікіткам. Так што, як бачыце, ніякай далікатнасці нямашака.

ЯНКА. А я спачатку меркаваў іначай. Бо дзе ж там! Ён гэтак заўсёды хоча сябе паказаць, як бы сам губарнатар.

ГАНУЛЯ. Гэта, мабыць, ён наглядзеўся, бо служыў у губарнатарскай канцэлярыі за нейкага там рэгістратара.

ЯНКА. Ах, вось яно што! Але гэта не бяда. Калі ён выйшаў родам з сялян, то ніякай працы не павінен чурацца, асабліва павінна яго пацягнуць туды, адкуль прыйшоў, — на вёску, дзе столькі поля някратанага ляжыць. I мне здаецца, што яго туды пацягне.

ГАНУЛЯ. Не цягне яго і туды, мой саколік, ой, не цягне! Стары згарусціў быў лішнюю сотню, маніўся кусочак зямлі з хатай купіць, але не ўспеў. А яму, свайму Мікітку, што я наталкавалася, каб з'ісціў бацькаву думку, — не паслухаў. Цяпер ні зямелькі з хатай, ні грошай... А мне ўжо старасць на носе. Як падумаю, што бяда зноў прыцісне, што зноў прыйдзецца людзям бялізну мыць, дык аж рукі вянуць ад нейкага жалю горкага.

ЯНКА. Э, цётачка! Не так ужо дрэнна, як вам здаецца. Устаткуецца ваш Мікітка з часам і пойдзе па розум да галавы. А цяпер ён жа яшчэ малады ў вас.

ГАНУЛЯ. Ды, разумеецца, малады, яшчэ зусім малады! Яно ж і наракаць на яго роднай маці гэтак не выпадае, але падчас, як прыйдзе нешта нейкае, дык і гаворыш, і гаворыш; спачатку палягчэе на сэрцы, а пасля і шкадуеш. Ён жа маё родненькае дзіцё, ды адзін, як той васілёк у жыце.

Янка (набок). О, гэтакіх адных у нас многа, толькі ж яны не васількі, а праклятае зелле на нашай беднай зямлі! (Ходзіць па пакоі.)

З'ява ІІ

Гануля, Янка, Мікіта.

МІКІТА (уваходзіць з пакупкамі). О, меджду протчым, і профэсар у нас! Здрасціце!

ЯНКА. Майму кватэрнаму гаспадару нізка кланяюся! Апрача гэтага пазвольце, пане рэгістратар, павіншаваць вас з імянінамі! Жычу вам надзець шліфы калежскага асэсара.

МІКІТА. Дзякую, меджду протчым, дзякую! Шчыра мяне цешыць, што вы аб гэтым не забыліся. Жадаю, каб і праз год мы ў гэтай кватэры віншаваліся.