Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 69

Ніл Гілевіч

Між іншым, яшчэ задоўга да таго, як пачуць гэту навіну, я прадчуваў, што нешта павінна здарыцца, што нейкі новы этап у нашым жыцьці павінен вось-вось пачацца. Тысячы людзей прадчувалі гэта. Цяпер у мяне вялікая радасьць. Спадзяюся, што будзе што-небудзь зроблена і для выратаваньня беларускай мовы ад засільля дзяржымордаў і ідыётаў-мяшчан, якія самі з сябе глумяцца і пацяшаюцца гэтым.»

Радкі з «Дзёньніка» (1.4.1956).

«Чым далей — тым лягчэй і весялей на душы. Вось ужо дзе сапраўды — «Всё к лучшему в этом лучшем из миров»! Слухаў даклад Хрушчова аб кульце асобы і яго выніках. Больш страшных дакументаў я ня ведаю. Калі я чытаў пра жудасныя расправы і зьверствы фашыстаў над савецкімі людзьмі, я знаў, што гэта рабілі вылюдкі роду чалавечага, фашысты, і апрача гневу і нянавісьці, не абуджаліся пачуцьці ў сэрцы. Але калі я слухаў пісьмы Эйхе і Кедрава, калі я даведаўся, што Арджанікідзе пакончыў самагубствам, што 70 адсоткаў складу ЦК і больш паловы дэлегатаў (1093) Зьезду Пераможцаў былі замучаныя і расстраляныя па загадзе правадыра краіны, сэрца напоўнілася ня толькі гневам і нянавісьцю. У сэрцы перш за ўсё закіпела крыўда — невымерная неадольная крыўда, якая ня выкупіцца нічым, якой я не дарую ніколі і нізашто. Ён ашукаў мяне ў самых сьвятых пачуцьцях, ён растаптаў самае дарагое, чыстае і сьветлае ў душы. І я крычу сёньня: к чорту! К чортавай матары! Тысячу разоў к чорту такога класіка марксізма! Вон з вачэй! Вон з сэрца! Вон з памяці! Усе яго заслугі — нішто ў параўнанньні з тымі страшэннымі злачынствамі перад народам, якія ён учыніў. Што з таго, што ён быў перакананы ў правільнасьці сваёй лініі? Ад гэтага пакуты і гора людзей ня зьменшацца. Ён быў зьверам па натуры — без пачуцьця жалю, спачуваньня, літасьці, бяз кроплі чалавечнасьці.»

Радкі з «Дзёньніка» (2.4.1956).

«У СП быў сход, прысьвечаны вынікам XX Зьезду КПСС. Дакладчык — сакратар ЦК КПБ Ц. С. Гарбуноў. Ня помню такога цікавага сходу ў сваім жыцьці. Вось і яшчэ адно пацьвярджэньне, што — крануўся лёд маўчаньня. О, якія, аказваецца, выдатныя грамадзяне нашы пісьменьнікі! І пад якім страхам яны сядзелі, аказваецца! Як мышы пад памялом. А сёньня — гаварылі! Можа, першы раз да канца шчыра і на ўвесь голас. Куляшоў сказаў: «Няма страшнейшай мукі, як паміраць камуністу ад рукі ўлады, за якую змагаўся ўсё жыцьцё і ў якую, адзіную, верыў.» Гарбуноў крытыкнуў Куляшова, што той знаходзіцца ў апошні час не на перадавых пазіцыях, бо піша на гістарычныя тэмы. (Во разуменьне ў сакратара ЦК, што такое перадавая пазіцыя!). Ох жа і агрызнуўся Куляшоў у сваім выступленьні! Ц. С. аж назад падаўся ў крэсьле, аж угнуўся і скорчыўся. Куляшоў мае рацыю: ня трэба дыктаваць паэту, што пісаць. Бо выйдзе лухта, а не мастацкі твор. Макаёнка Гарбуноў абвінаваціў, што яго п’есы дапамагаюць... пладзіць жулікаў, прайдзісьветаў і г. д. Зала рагатала, як шалёная, пачуўшы такое з вуснаў сакратара ЦК. І стала ўсім не па сабе, калі ў яго рэпліках Макаёнку прагучала штось нядобрае, пагрозьлівае, накшталт «ладна, мы пагаворым аб гэтым потым і адзін на адзін». У мяне склалася ўражаньне, што Ц. Г. — не на сваім месцы. Не такога хацелася б бачыць сакратара ЦК па агітацыі і прапагандзе. Ён — і агітатар ніякі, і прамоўца дрэнны, а галоўнае — не адчуваецца маштабу асобы і не відаць... розуму. Пісьменьнікі яго падкалупваюць, а ён — як лапух. Аб выніках Зьезду, аб кульце асобы пісьменьнікі гаварылі куды сьмялей і больш лагічна, чым сакратар ЦК. Адчуваецца, яны ўсе задаволеныя, што «ідал» зрынуты, і гатовы выкінуць яго з гісторыі. А можа, ня ўсе? Калі Макаёнак пачаў гаварыць аб гэтым, Броўка з-за стала прэзідыума папрасіў: «Андрэй, ты не аб гэтым, ты лепш аб літаратуры гавары!» — «Пятрусь Усьцінавіч! — крыкнуў Андрэй. — І так мы занадта доўга маўчалі!..» Броўка — несумненнае параджэньне сталінскай эпохі, баязьлівы перастрахоўшчык, навучаны маўчаць.