Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 68

Ніл Гілевіч

***

Адразу ж па нарадзе вершы давялося адкласьці ўбок: мусіў заняцца дыпломнай працай. Да абароны заставаліся лічаныя тры-чатыры месяцы, а я па сутнасьці яшчэ і ня браўся. Тэма дыпломнай — «Паэтычнае майстэрства Максіма Багдановіча». Навуковы кіраўнік — сам дэкан факультэту, загадчык кафедры літаратуры прафесар М. Р. Ларчанка. Выбар тэмы быў не выпадковы. Багдановіч даўно, яшчэ са школьных гадоў, з сямігодкі, увайшоў мне ў душу так пранізьліва, як ніводзін іншы класік беларускай паэзіі. Вядома, глыбока і трывала апанавала мною і творчасьць Багушэвіча, і Купалы, і Коласа. Але тут была пэўная розьніца, у гэтым апанаваньні, пра якую я тады ня думаў і не спрабаваў сфармуляваць для сябе, проста адчуваў яе, адчуваў пэўна і моцна, і гэтым адчуваньнем падсьвядома кіраваўся. Тады на пытаньне аб выбары я, напэўна, адказаў бы зусім проста: «Больш падабаецца. Нечым бліжэй мне». Пазьней, праз шмат гадоў, калі мною былі напісаныя дасьледчыя артыкулы пра паэзію і Купалы, і Коласа, і аж некалькі пра яго — Багдановіча, я акрэсьліў для сябе, у чым тут была розьніца. У тых асаблівасьцях паэтыкі, якія рабілі маё ўспрыняцьце яго лірыкі ў большай меры інтымным, у большай меры закраналі самыя тонкія і патаемныя струны душы, — гэта значыць, у натуральнай рэалістычнасьці яго пісьма, створаных ім малюнкаў і вобразаў, у гранічнай асабістасьці, шчырасьці і псіхалагічнай дакладнасьці (выверанасьці, праўдзівасьці, даставернасьці) лірычнага пачуцьця, і, нарэшце, — у незвычайна багатым рытмічна-інтанацыйным і эўфанічным аснашчэньні верша, што зноў жа мне асабліва імпанавала. Верш з закладзенай у счапленьні яго словаў музыкай, з багатай інструментоўкай радка мяне заўсёды вабіў і вабіць мацней, чым верш «глухі» да ўсяго гэтага. Па тым часе мне здавалася, што, напрыклад, Купала ці Колас менш увагі надавалі майстэрству, форме, кампазіцыі і мілагучнасьці верша, рытмічнаму малюнку і гукапісу, а паколькі мяне асабліва хваляваў менавіта гэты бок творчасьці, — выбар выпаў, натуральна, на Багдановіча.

У самы разгар маёй працы над дыпломнай у жыцьці краіны і народа адбылася падзея, якая глыбока ўзрушыла ўсё грамадства. Вядома ж, і мяне грэшнага, і надоўга адарвала ад кніг і папер, ад дзяржаўнай бібліятэкі, у якой я амаль невылазна сядзеў.

Радкі з «Дзёньніка» (6.3.1956):

«Падзеі — незвычайныя. Адбыўся XX зьезд КПСС. Нізрынуты ідал, на якога маліліся каля 30 гадоў. Проста ня верыцца! Успамінаю, як роўна тры гады таму, 6-га сакавіка 1953-га, мы пралівалі шчырыя сьлёзы. А плакаць не было патрэбы; хіба ад радасьці, што найстрашнейшы за ўсю гісторыю Расіі людаед «помре». Страшна глядзець, да чаго даведзена наша вёска «пад мудрым кіраўніцтвам Іосіфа Вісарыёнавіча». Больш, чым страшна,— жахліва! Калгасьнікі пачалі выказваць думкі ўголас: «Ой, мой божа, божа! Як гэткае жыцьцё — дык лепей бы зноў вайна ці якое безга­лоўе». Хіба гэта не жахліва? Каб нашы людзі зайздросьцілі жыцьцю пад акупацыяй?