Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 70

Ніл Гілевіч

Гарбуноў расказаў, як Ц. Гартны на пяты дзень у турме ў Менску звар’яцеў, і ў яго, звар’яцелага, сьледчы Глухоўскі ўзяў паказаньні. Гартны назваў сябе кіраўніком нацдэмаўскай арганізацыі і «выдаў» сорак чалавек — усіх, каго мог успомніць. І ўсе сорак апынуліся ў Сібіры. Цяпер усе справы пераглядаюцца і, напэўна, усе рэпрэсаваныя будуць рэабілітаваныя. Куляшоў вельмі адстойваў Чарота, назваў яго творчасьць камуністычнай ад пачатку да канца. Шмат пісьменьнікаў загнаў у турму і ў Сібір Бэндэ. Ох і ненавідзяць яго нашы!

А пытаньне аб беларускай мове цалкам правалілася. Гарбуноў даў зразумець, што ніякіх зьменаў ня будзе, хіба што зробяць пару школ беларускімі. Адным словам, ні на якія распараджэньні зьверху разьлічваць не прыходзіцца. Справы дрэнь.»

***

Менавіта ў гэты час — перад і пасьля XX зьезду КПСС — пачалі вяртацца з катаргі тыя нямногія беларускія паэты і пісьменьнікі, якім пашчасьціла выжыць і ацалець у воўчых мялах ГУЛАГу. У. Дубоўка, Я. Пушча, Я. Скрыган, Ю. Гаўрук, А. Звонак, С. Грахоўскі, А. Пальчэўскі, Н. Чарнушэвіч, А. Александровіч, С. Шушкевіч, М. Хведаровіч... Трагічны лёс многіх соцень, а можа, і тысячаў таленавітых творцаў беларускай нацыянальнай культуры стаў, натуральна, галоўнай тэмай гутарак у колах патрыятычна настроенай беларускай інтэлігенцыі, асабліва — у асяроддзі літаратурнай моладзі. Акцэнт рабіўся на адным пытаньні: як магло стацца, што верныя сацыяльным і нацыянальным ідэалам Кастрычніцкай рэвалюцыі, верныя савецкаму ладу і камуністычнай партыі дзеячы літаратуры і мастацтва былі аб’яўленыя «ворагамі народу» і рэпрэсаваныя? У друку (у маскоўскім, канешне) пачалі паяўляцца публікацыі з намёкам на тое, што Сталін і яго «апрычнікі» здрадзілі запаветам Леніна, адышлі ў сваёй практычнай дзейнасьці ад марксізму-ленінізму і тым самым нанесьлі страшэнны ўрон справе будаўніцтва сацыялізму і міжнароднаму камуністычнаму руху. Трохі пазьней пачнуць пісаць адкрыта, што ў 1929 годзе ў СССР адбыўся контррэвалюцыйны пераварот, задуманы і арганізаваны Сталіным, які далей, у 30-я і 40-я гады, будзе толькі прыкрывацца лозунгамі ленінізму і імем камуністычнай партыі. Такая трактоўка палітычнай гісторыі краіны пасьляленінскага перыяду мне асабіста здавалася слушнай і аргументаванай. Я знаходзіў у ёй вытлумачэньне, чаму ў Беларусі ў такім жахлівым становішчы апынулася беларуская мова, беларуская школа, беларускі друк. Сталін адступіў ад мудрай і жыцьцядайнай ленінскай нацыянальнай палітыкі — і ў гэтым уся нашая бяда, нашая беларуская трагедыя. Калі б быў жывы Ленін і пакіраваў краінай яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць, — усё жыцьцё было б іншым і лёс беларускай нацыянальнай культуры — таксама. Вунь жа як хораша ў перыяд з 1920-га па 1929-ы год ішла ў рэспубліцы беларусізацыя, колькі пасьпелі нашы папярэднікі (тыя, рэпрасаваныя) зрабіць для нацыянальнага адраджэньня Беларусі! Сталін, Сталін, Сталін, ажыцьцявіўшы пераварот, спачатку запыніў працэс беларусізацыі, а затым надаў яму рэгрэсіўны характар, абярнуў у працэс русіфікацыі і асіміляцыі Беларусі. Я кажу пра Беларусь, але на гібельны шлях былі скіраваныя і ўсе іншыя рэспублікі Саюзу. Праўда, наша становішча, па вядомых прычынах, аказалася асабліва незайздросным. Ні ў адной з пятнаццаці саюзных рэспублік народ ня быў у такой небясьпечнай меры русіфікаваны і асіміляваны, як мы, беларусы. Нашую мову і культуру, у адрозьненьне ад іншых рэспублік, крамлёўскія і мясцовыя, тутэйшыя інтэрнацыяналісты ўзяліся на пачатку 30-х не выкарчоўваць, а давыкарчоўваць, ня біць, а дабіваць.