Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 71

Ніл Гілевіч

Чытаючы матэрыялы XX зьезду КПСС, разумныя, шчырыя, поўныя болю і гневу публіцыстычныя артыкулы сумленных пісьменьнікаў, навукоўцаў, дзеячаў мастацтва, раздумваючы — днямі і начамі — над лёсам Беларусі і яе шматпакутнага народу, я прыйшоў да цьвёрдай высновы, што наш паратунак — толькі і толькі ў выратаваньні роднай мовы і культуры. Усю моц душы і сэрца, усе намаганьні і высілкі трэба ахвяраваць гэтай вялікай сьвятой справе, гэтай адзінай, вартай таго, каб жыць і тварыць, мэце. Канешне ж, шляхі і спосабы дасягненьня гэтай мэты разумеліся і бачыліся мною ў пасьлядоўным ажыцьцяўленьні ленінскай нацыянальнай палітыкі. Трэба вярнуцца да ленінскіх прынцыпаў і падыходаў у вырашэньні нацыянальных пытаньняў. Трэба адкінуць прэч злачынныя сталінскія задумы і планы асіміляваць усе народы і народнасьці СССР. Трэба пакончыць у гэтай найважнай сферы ўнутрыдзяржаўнага жыцьця са сталінізмам!.. Аб тым, што ідэю беларусізацыі трэба ўвязаць з ідэяй дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі — тады яшчэ я ня думаў. Сам да гэтага не дарос і ніхто са старэйшых-мудрэйшых такою думкай са мною не падзяліўся. Зрэшты, і ці лічыў хто з тагачасных знаёмых мне патрыётаў і абаронцаў беларушчыны, што для ўратаваньня нацыі трэба мець дзяржаўную незалежнасьць краіны? Сумняваюся. (Кажу пра знаёмых мне). Па-мойму, думкі ўсіх ішлі ў адным рэчышчы: Саюз рэспублік — не перашкода і не бяда, толькі трэба абавязкова аднавіць справядлівасьць і нацыянальную палітыку весьці па запаветах і наказах Леніна. Ах, каб у нас усё ішло і рабілася па-ленінску! Ці ж бы ў такім становішчы была ў Беларусі беларуская мова, беларуская школа, беларуская кніга, беларускі тэатр!