Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 67

Ніл Гілевіч

На пленуме СП СССР, якім адкрывалася нарада маладых у Маскве, я быў моцна ўражаны двума выступленьнямі, у якіх пачуў той самы боль, што ўсё часьцей і ўсё мацней стаў у апошні час працінаць мне душу і сэрца. Татарскі пісьменьнік Хусаінаў (? так запісана ў маім нататніку) расказаў, як рэдактары прымушаюць татарскае імя ў рамане заменьваць рускім (Рашыда на Сяргея) і ў лік герояў твору, татараў па нацыянальнасьці, уводзіць рускіх — каб быў інтэрнацыяналізм. З якім шчырым болем і неўразуменьнем гаварыў пра гэта пісьменьнік! «У нас, у Беларусі, — раблю я свой каментар у нататніку, — да гэтага яшчэ не дайшло, здаецца». Каментар мой быў ад недасьведчанасьці, бо такога колькі хочаш было ў рэдакцыйна-выдавецкай практыцы і ў нас. Другое ўражаньне — ад залы, калі выступаў вядомы казахскі празаік Габіт Мусрэпаў (пазьней — народны пісьменьнік Казахстану, акадэмік, Герой сацыялістычнай працы). Вось што я запісаў у сваім нататніку: «Ох жа і хамская публіка ў зале: як не паважаюць, каб не сказаць мацней, «нацменаў». Ну хіба яму ня крыўдна гаварыць пры такім шуме? Не пустое ж гаворыць! І выдатны пісьменьнік! Я, напэўна, ня вытрымаў бы: плюнуў бы і пайшоў прэч — далей ад гэткіх сяброў і пабрацімцаў.»

А яшчэ быў уражаны прамовай Міхаіла Шолахава, якой вельмі чакаў і якою быў моцна расчараваны. Непаважліва сказаў пра К. Сіманава, збэсьціў В. Ажаева («дзярэ лыка з асфальту вуліцы Вароўскага»), і ўвесь тон выступленьня — нейкі «шчукарскі», несур’ёзны. Чакалася ад вялікага пісьменьніка зусім іншае. Пазьней нешта падобнае — неапраўдана гарэзьлівае — мела месца і ў яго прамовах на пісьменьніцкіх і партыйных зьездах. І таксама мяне бянтэжыла і засмучала.

Хоць крытыку на нарадзе я ўспрыняў досыць балюча, і асадак на душы застаўся горкі, але выснову зрабіў цьвярозую: працаваць трэба больш сур’ёзна. Радавацца посьпехам пакуль што няма падставаў. Праўда, мае маскоўскія засмучэньні былі неўзабаве кампенсаваныя вельмі радаснымі неспадзеўкамі. Самы аўтарытэтны часопіс «Новый мир» апублікаваў у сакавіцкім нумары мой верш «З гадоў дзяцінства» (у перакладзе Я. Хелемскага). А першы нумар «Дружбы народов» наступнага, 1957 году, зьмясьціў цэлую падборку (у перакладах Я. Хелемскага і К. Мурзідзі). І там, і там былі апублікаваныя менавіта тыя вершы, ад якіх не пакінуў нічога жывога А. Кучар, — перакладчыкі адабралі іх самі з матэрыялаў нарады. Гэта былі першыя публікацыі маіх вершаў ва ўсесаюзных выданьнях, прычым такога ўзроўню, як «Новый мир» і «Дружба народов».