Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 66

Ніл Гілевіч

***

Палавіна лета таго году прайшло на вайсковых зборах. Усякую вольную хвіліну («асабісты час» у нядзелю, любы «перакур» на занятках) ахвярую на чытаньне. Пасьпеў праштудзіраваць трохтомнік В. Р. Бялінскага. Асабліва ўразіў цыкл артыкулаў пра Пушкіна. Там жа на зборах прачытаў і толькі што набыты двухтомнік В. Брусава, у якім знайшоў вельмі цікавы артыкул пра калісьці шумна-знакамітага рускага паэта Ігара Севераніна. Аказваецца, ня ўсё так адназначна, ня ўсё ў яго эгафутурызм і дэкадэнцтва, ёсьць і выдатныя па шчырасьці чалавечага пачуцьця вершы. Адзін з іх і цытуе В. Брусаў: «Повидаться нельзя нам. Разве только случайно. Разве только в театре. Разве только в концерте. Да и то бессловесно. Да и то беспоклонно.» Такія артыкулы аб паэтах і паэзіі я ўспрымаў як «откровения», як урокі вялікай літаратурнай навукі, адчуваючы вострую — да трымценьня душы — у гэтай навуцы патрэбу.

У верасьні павінна была адбыцца ў Маскве Трэцяя Усесаюзная нарада маладых пісьменьнікаў, удзельнікам якой праўленьне СП БССР рэкамендавала, сярод іншых, і мяне. Іншыя — гэта паэты С. Гаўрусёў, П. Макаль, празаікі А. Карпюк і П. Васі­леўскі, драматург А. Махнач, дзіцячы паэт А. Вольскі. Па невядомых мне прычынах нарада перанеслася на пачатак студзеня наступнага, 1956 году. Паехаў з вялікімі, па маладой наіўнасьці, спадзяваньнямі — і ашукаўся. Абмеркаваньне «тройкі» беларускіх паэтаў прайшло, на жаль, куца і малацікава. Досыць сказаць, што кіраўніком нашага паэтычнага семінару быў паэт-песеньнік Л. Ашанін. Намі, Сьцяпанам, Петрусём і мной, гэта было ўспрынята як абраза. Мы ўжо нядрэнна разьбіраліся, хто чаго ў рускай паэзіі варты. Чаму можна навучыцца ў Ашаніна? Складаць крыклівыя песьні ў абарону міру? Кіраўнікамі іншых паэтычных семінараў былі творцы-асобы — М. Сьвятлоў, Л. Мартынаў, П. Антакольскі, І. Сельвінскі. Ну а нам, беларусам, і тут «пашанцавала».

У той дзень, калі абмяркоўвалі беларускую «тройку», на наш семінар прыйшлі, у якасьці настаўнікаў, Аркадзь Куляшоў і... Алесь Кучар. Як толькі ўбачыў апошняга — па ўсіх фібрах душы прайшло нядобрае прадчуваньне. Успомніў менскую нараду 1953-га году. Дык такі і не памыліўся. Ай-яй-яй, як ён мяне драпежыў, як бэсьціў і зьнішчаў даастатку! Я сядзеў, сагнуўшыся, уставіўшы пагляд у нейкую кропку на парце, і ў думках шаптаў: «Ну, давай, давай, Айзік, давай! Авось ды і захлынешся нарэшце гэтай сваёй чорнай злосьцю, гэтай сваёй нянавісьцю! Але ж і гад! Прыехаў у Маскву, каб і тут зьбіць-зьмяздрычыць мяне на горкі яблык!» Ён так перабіраў у сваім крытыканскім запале, што нават сёй-той з прысутных ня стрымліваўся і выгукаў пратэст. На вялікі жаль, расчаравала і засмуціла мяне і выступленьне Аркадзя Куляшова. Ён не адмежаваўся ад вантробнай лютасьці Кучара, ні словам не абараніў мяне ад таго пагрому, які ўчыніў яго сябар, а фактычна падтрымаў апошняга, бо гаварыў толькі пра тое, што ў маіх вершах яму не падабаецца, што ён лічыць заганным, няплённым, неперсьпектыўным. Ну, што ж, лекі ад хваробаў, як правіла, горкія, але таму і лечаць, і памагаюць. Вядома, хацелася пачуць ад сваіх і добрае слова — у гасьцях жа ўсё-такі, на людзях, а ня дома. Ну, не знай­шлося ў іх гэткага. Пачуў ад іншых — ад расіяніна В. Ганчарова, ад украінца С. Мушкеціка. Зрэшты, было мне не шаснаццаць, як на нарадзе ў 1947-м, калі мяне тоўк Лукаш Бэндэ, а 24 з гакам, непрыязнай крытыкі ўжо наслухаўся і начытаўся уга колькі, — так што нічога страшнага ня здарылася. Але ўрок для сябе на будучыню зрабіў: калі мне давядзецца выступаць у ролі настаўніка — скажу пра маладога перш за ўсё добрае слова, — калі, зразумела, буду бачыць, што перада мной чалавек з божай іскрай у душы.