Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 65

Ніл Гілевіч

Дык такі і прыслухаліся да яго просьбы-прапановы калегі! За выняткам дакладчыка М. Аўрамчыка, які больш гаварыў пра тое, што яму ў маіх вершах падабалася, усе астатнія прамоўцы далі мне добрага жару, пясочылі без паблажкі. У сваім рабочым нататніку я пастараўся запісаць выказаную на мой адрас крытыку, а нават і свае рэагаваньні на выпады, якія мне здаваліся несправядлівымі. Уражаньне такое, што старэйшыя сябры-калегі засумавалі па шчырай размове аб паэзіі і цяпер узрадаваліся гэтай магчымасьці. Повад — канкрэтны аб’ект, рукапіс першай кнігі маладога паэта. Значыць, хваробы творчага росту і аўтара, і ўсёй нашай маладой паэзіі несумненна тут маюць месца, і ўбачыць іх няцяжка, ну і прапанаваць адпаведныя лекі з вышыні ўласнага досьведу — рэч натуральная, у асяроддзі людзей творчых так было, ёсьць і будзе. I аднак жа чым далей ішло абмеркаваньне, тым больш мяне апаноўваў страх, што ў выніку рукапіс «зарэжуць», прызнаюць сырым і не рэкамендуюць да друку. К. Кірэенка надта налягаў на неабходнасьці павысіць грамадскі тонус вершаў, Дз. Кавалёў гаварыў пра драбнатэм’е і адсутнасьць уласнай біяграфіі ў творах, А. Вялюгін рэкамендаваў больш дбаць пра гушчыню вобразнай палітры, гаварылі і іншыя, усе — крытычна, але не праз меру, ну а пад корань секануў масьціты Максім Лужанін. Вычакаўшы, па звычцы, пакуль у зале наступіць поўная цішыня (гэтай павазе да сваёй асобы ў яго можна было павучыцца), тонам аракула і суддзі сказаў: «Я хачу зьвярнуць увагу прысутных на рэч больш сур’ё­з­ную і небясьпечную, чым тое, пра што тут гаварылася: на ўшчэрбнасьць настрою і ідэйна-эстэтычнай пазіцыі лірычнага героя. Вось верш «Пры дарозе пыльнай, шумнай». Пра што ў ім гаворыцца? У маладой грушы каля дарогі навальнічнай ноччу адвіх­нула сук. У прыродзе — рэч звычайная: і адвіхае, і ломіць, і вырывае з карэньнем. Але ж перад намі — мастацкі твор, паэтычны сімвал, і сімвал атрымаўся досыць змрочны. «І яшчэ ня ўсьпела груша Гора выплакаць сьлязьмі — па галіне хтось бяздушна Пераехаў калясьмі, Утаптаў у жвір вільготны Дробны ліст, пахучы цьвет...» Трэба помніць і дбаць пра вышыню ідэйна-эстэтычных крытэрыяў»,— закончыў сваё выступленьне масьціты.

Насуперак ягонаму прысуду, верш пра грушу, не перарабіўшы ў ім ні радка, я ўключыў у свой першы зборнік «Песьня ў дарогу» і пазьней устаўляў ува ўсе кнігі «выбранага». З разуменьнем, што драматычны ці нават трагічны матыў у лірычным творы сам па сабе ня ёсьць выявай ідэйна-эстэтычнай ушчэрбнасьці і філасофскага песімізму аўтара.

Падагуліў абмеркаваньне майго рукапісу Пятро Глебка. «Хай ні ў каго не скла­дзецца ўражаньне, — сказаў ён, — што мы занадта строга абышліся з маладым аўтарам. Строгасьць у гэтым разе ёсьць сьведчаньнем даверу да таленту і творчых магчымасьцяў паэта». Зборнік, па прапанове таго ж Пятра Фёдаравіча, быў рэкамендаваны выдавецтву да выданьня. Але ў план наступнага 1956 году ён ужо ня трапіў і выйшаў толькі на пачатку 1957-га.