Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 64

Ніл Гілевіч

Гэтае тармажэньне (страх ганьбы) было настолькі моцным, што ў выдавецтва я не сьпяшаўся, нават ужо будучы дастаткова абагрэты ўвагай прэсы, пісьменьнікаў і крытыкаў. («Так, Ніл Гілевіч — студэнт, але яго вершы ў часопісе «Полымя» публікуюцца побач з вершамі, напрыклад, А. Зарыцкага і А. Астрэйкі не таму, што ён студэнт, і яму даруюцца пагрэшнасьці, а таму, што яго вершы заслугоўваюць быць надрукаванымі побач з вершамі гэтых паэтаў:» Б. Бур’ян, «Сталинская молодежь» за 25 чэрвеня 1953 г. «За паўгоду ў часопісе двойчы надрукаваў свае вершы Ніл Гілевіч. Трэба сказаць, што малады паэт адносіцца да работы ўдумліва і сур’ёзна. Мы ведаем Гілевіча і па другіх вершах, якія зьмяшчаюцца ў нашым перыядычным друку, але і тыя, што ён надрукаваў у «Работніцы і сялянцы», стаяць у шэрагу неблагіх твораў, твораў сьвежых, цікавых. Спынімся на вершы «Першая перамога». Ён далёкі ад літаратурных штампаў...» М. Гарулёў. «Літаратура і мастацтва» за 27 чэрвеня 1953 г.) Праз месяца паўтары пасьля размовы з Гаўрусёвым, я пераступіў, не бяз боязі, парог выдавецтва. А мне і кажуць: «Прымаем рукапісы толькі з рэкамендацыяй адпаведнай творчай секцыі Саюзу пісьменьнікаў. Папрасіце кіраўніцтва секцыі паэзіі абмеркаваць ваш рукапіс на пасяджэньні, і калі ён будзе ўхвалены — хай дадуць для нас, для выдавецтва, выпіску: рэкамендуем да выданьня...»

Ну, раз увялі такое правіла (датуль яго не было, я ня чуў пра такое), тут ужо нічога ня зробіш: трэба дзейнічаць паводле правіла. Абмеркаваньне рукапісу на секцыі паэзіі — гэта ня жартачкі. Старшынёй секцыі быў жывы класік Пятро Глебка, чыё імя я добра помніў яшчэ з даваеннай пары, чые вершы, асабліва ваеннага часу, любіў і многія ведаў на памяць. На пасяджэньне прыйдуць, канешне ж, і іншыя вядомыя, прызнаныя майстры паэтычнага слова, а можа, нават і славутыя, той жа Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк... О, Божа! Хто ж і калі ўвёў гэта правіла — каб абавязкова была рэкамендацыя секцыі? На секцыі — што паэт, то і думка, і выснова, і голас. І думкі могуць разьбегчыся ў розныя бакі і ў адно не сысьціся. Вырашыў яшчэ і яшчэ раз уважліва прагледзець зьмест рукапісу. Сёе-тое выкінуў зусім, сёе-тое дапрацаваў, перарабіў, падправіў. Рукапіс перадаў у СП толькі напрадвесьні наступнага, 1955-га году. Секцыю склікаць не сьпяшаліся, сабралася яна аж у траўні. Народу прыйшло багата, але — самых славутых не было. Размова аказалася вельмі актыўнай і зацікаўленай. Рэч у тым, што некаму прыйшло на думку (можа, старшыні секцыі Глебку?), з увагі на вечна актуальную праблему выхаваньня творчай моладзі, зрабіць на гэты раз абмеркаваньне што называецца узорна-паказальным,— каб быў шырокі грамадскі рэзананс, ну і, можа, дзе-небудзь нават і пахвалілі — за клопат пра маладых. Гэта можна было зразумець з уступнага слова П. Ф. Глебкі, які нацэліў і заклікаў да размовы сур’ёзнай і патрабавальнай.