Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 63

Ніл Гілевіч

***

На пачатку верасьня Прэзідыум праўленьня ССП БССР зацьвердзіў рашэньне дзьвюх камісіяў аб прыёме Ніла Гілевіча ў Саюз пісьменьнікаў. На Прэзідыуме гаварылася аб вялікай творчай актыўнасьці маладога паэта: на працягу аднаго 1953 году галоўны літаратурны часопіс «Полымя» чатыры разы даў месца маім вершам, столькі ж і часопіс «Маладосць». А дзён праз дзесяць пачаўся Трэці зьезд пісьменьнікаў Беларусі, законным удзельнікам якога ўжо быў і я. Незабыўныя, сьвятлістыя, шчасьлівыя дні! І наступныя тыдні-месяцы. Сьмялей пачаў заходзіць у рэдакцыі часопісаў і газетаў, ахвотней сталі браць вершы да друку (часам аж занадта ахвотна, не на карысьць аўтару), пачалі запрашаць на розныя мерапрыемствы Саюзу пісьменьнікаў. Усё гэта падвышала творчы тонус, здаровіла самапачуваньне, дадавала акрыленасьці, натхненьня, ахвоты працаваць, працаваць, працаваць...

Праўда, ва універсітэце стала ў пэўным сэнсе трохі цяжэй. Пачалі прыдзірліва глядзець на мае паводзіны, дайшло да таго, што вынесьлі гэта пытаньне на курсавы камсамольскі сход: «Зрываецца з лекцыяў, з’ігнараваў калектыўны культпаход у тэатр, ня ўважыў просьбу аднакурсьніка, а аднойчы вечарам у сваім інтэрнацкім пакоі нагою выключыў радыёрэпрадуктар, які вісеў на сьцяне над ложкам». Ах жа ты, Госпадзе Божа мой! Якое злачынства ўчыніў! Удумацца толькі: задраў нагу, лежачы, і вялікім пальцам крутануў рычажок. Член камітэту камсамолу, якая праводзіла сход, усё дамагалася ўдакладніць:

— А што ў той момант па радыё перадавалася? Хто і што гаварыў? Вы ж былі тады ў пакоі, прыгадайце! Гэта вельмі важна!

— Ды я ўжо ня помню. Дзе ты ўсё будзеш помніць, — пахмыляліся сьведкі.

Было непрыемна, прыкра і сорамна за той камсамольскі «суд». Знайшлі што абмяркоўваць. На шчасьце, была на сходзе і Ніна, адносіны з якой у мяне былі ўжо больш чым проста сяброўскія, і яна, адразу ж па выхадзе з аўдыторыі, сказала мне: «Ня ўздумай перажываць за гэты выпад зайздросьнікаў і дуркеш, у якіх няма элементарнага пачуцьця гумару...» Так будзе пасьля ўсё жыцьцё — да астатку. Безьліч разоў я пачую ад яе гэта самае: «Не бяры да сэрца. Ня ўздумай перажываць. Гэта — твая доля. А што ты ад іх чакаў? Супакойся».

Ад Сьцяпана Гаўрусёва, з якім тады пасябраваў, даведаўся, што ў наступным, 1955 годзе, Дзяржаўнае выдавецтва БССР плануе выдаць дзьве першыя кнігі вершаў маладых паэтаў — яго і Петруся Макаля. «А ты свайго зборніка не занёс у выдавецтва?» — спытаў сябра. «Не, кажу, я нават яшчэ і рукапісу ня склаў».— «Складзі і занясі, аддай, — параіў Сьцяпан, — можа, хоць на 1956-ы пасьпееш». Пра тое, каб скласьці рукапіс кнігі і перадаць выдавецтву, я падумваў ужо неаднойчы. Што і казаць: мара была турботная. Каму з маладых не хацелася як хутчэй патрымаць у руках сваю першую кніжку. Хвалявала гэта і мяне. Але, прызнаюся, стрымлівала небясьпека зьведаць паразу: занясу выдавецкім дзядзькам сьціплы плён свайго баруканьня з радком і словам, а яны мне: асадзі назад, таварыш! Рана прэтэндуеш. Папрацуй яшчэ трохі, напішы што-небудзь такое-гэткае, а тады і прыходзь...