Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 62

Ніл Гілевіч

Па вяртаньні з вандроўкі астатак лета ў вёсцы ахвяраваў на вывучэньне Збору твораў І. В. Сталіна. Гэтую інтэлектуальную каштоўнасьць набыў у свой час бацька Сымон Пятровіч: дысцыплінаваны партыец не паслухацца строгіх «рэкамендацыяў» зьверху ня мог і падпісаўся на шматтомнае выданьне працаў правадыра. Хоць мінула больш году па яго сьмерці — ніякіх чутак ці хоць бы намёкаў, што адносіны да Сталіна будуць мяняцца, яшчэ не было, ва ўсякім разе да мяне яны не дайшлі, аўтарытэт яго ў маіх вачах заставаўся непахісным. І я лічыў, што яго творчую спадчыну мушу засвоіць паўней і глыбей, сорамна абмежавацца толькі тымі праграмнымі творамі, якія ў абавязковым парадку вывучаліся ва універсітэце. Бяз гэтага, быў перакананы я, нельга падняцца на высокі ўзровень марксісцка-ленінскага разуменьня гісторыі чалавечага грамадства, як і разуменьня тых працэсаў, што адбываюцца ў сучасным эканамічным, палітычным і духоўным жыцьці Саюзу ССР і краінаў сьвету. А маладому літаратару патрэбен толькі высокі ўзровень філасофска-тэарэтычнай і ідэйна-палі­тычнай падрыхтоўкі — так я разумеў і на іншае не пагаджаўся. Засвою працы Сталіна, затым гэтак жа грунтоўна праштудзірую поў­ны Збор твораў Леніна, а пасьля — і Збор твораў Маркса-Энгельса ў 30-ці тамах, падпіску на які я, студэнт-трэцякурсьнік, нядаўна аформіў. Што датычыць прачытаньня «усяго Леніна» і Збору твораў Маркса-Энгельса, то жыцьцё досыць скора разбурыла гэтыя мае амбіцыйныя планы, і я адмовіўся ад іх як ад нерэальных, зразумеў, што трэба чытаць выбарачна, і ў першую чаргу працы па пытаньнях літаратуры, мастацтва, культуралогіі, мовы, духоўнасьці, рэлігіі, гісторыі розных народаў, асабліва славянскіх. Ну, а Сталіна пасьпеў прачытаць усяго, усе дванаццаць тамоў, што былі ў хаце (дарэчы, на беларускай мове). І чытаў, прызнаюся, нязмушана, з жывой цікавасьцю, асабліва яго вострасюжэтную палеміку з палітычнымі апанентамі. Логіка і аргументацыя ягоных довадаў і высноваў мне здавалася жалезнай.