Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 61

Ніл Гілевіч

Так выпадковы госьць з Расіі, які ніводнага майго радка ніколі не чытаў, пагасіў у той раз маё вялікае хваляваньне. Зноў апанавала яно мною, ужо бітым і таму не такім наіўным, толькі ў сакавіку наступнага году. Прыйшло запрашэньне на сумеснае пасяджэньне Камісіі па рабоце з маладымі і Камісіі па прыёму ў СП БССР — на прадмет абмеркаваньня маіх вершаў і рэкамендацыі іх аўтара ў Саюз. Ня ведаю, ніколі не высьвятляў, чыя гэта была ініцыятыва, хто так быў зацікаўлены ў маральнай падтрымцы паэта-студэнта, але гэтае абмеркаваньне заўсёды ўспамінаю, як адзін з самых сьвяточных момантаў на пачатку сваёй літаратурнай біяграфіі. Успамінаю з пачуцьцём удзячнасьці да старэйшых пісьменьнікаў, якія праявілі тады да мяне сардэчную зычлівасьць і давер. Калі я прачытаў вершы, першы азваўся белагаловы і амаль зусім сьляпы Янка Маўр. «Во, як бы ўсё роўна фортку адчынілі і сьвежым паветрам у пакой дыхнула!» Горача і пераканаўча гаварыў пра мае вершы Іван Мележ. «Ня ведаю, таварышы, як хто, а я ў гэтага маладога паэта веру». Па некалькі добрых словаў сказалі Янка Брыль, Піліп Пястрак, Міхась Клімковіч, Кас­тусь Кірэенка. Прагаласавалі аднадушна «за». Помню, Іван Мележ, усьміхаючыся, павярнуўся да Янкі Маўра: «Відаць, Іван Міхайлавіч, мядзьведзь у лесе здох: нават вы прагаласавалі «за». Здаецца, гэта першая за ўвесь час кандыдатура, якую вы блаславілі». — «А што, хіба тым, якіх я не блаславіў, гэта зашкодзіла?» — уедліва прагуў у адказ Маўр. Дарэчы, тады я і пазнаёміўся асабіста з Іванам Мележам і Янкам Брылём — пісьменьнікамі, якіх моцна паважаў, любіў і якія пазьней сталі маімі добрымі старэйшымі сябрамі. На ўсё жыцьцё. Калі пасяджэньне закончылася і пісьменьнікі пачалі разыходзіцца, да мяне накіраваўся Янка Маўр. «Дзе тут, Гілевіч, я ж нічога ня бачу, зусім асьлеп, дык дай я хоць рукамі абмацаю тваю галаву, каб уяўленьне мець, які ты». Я падумаў: жартуе стары фантаст, а ён сапраўды цупка, як скульптар, аблапаў пальцамі і лабэціну, і патыліцу, і нават твар. «О, дык у цябе і нос ёмкі! Не які там небудзь пупсік», — сказаў, хітравата-прыязна ўсьміхаючыся.

Улетку таго году цягам трох тыдняў, на пару з паэтам і аднакурсьнікам Міколам Арочкам, вандраваў па Мазырскім Палесьсі. Паехалі з афіцыйнымі камандзіровачнымі пасьведчаньнямі ў кішэнях як маладыя літаратары (нават трохі грошай у Саюзе выдалі на дарогу). Першы раз на Палесьсі! Першая спроба сьвядомага мэтанакіраванага азнаямленьня з аддаленым ад маёй Лагойшчыны кутком беларускай зямлі, з жыцьцём і побытам яго насельнікаў. Незабыўныя, на ўсё жыцьцё, уражаньні — і ад чароўнай прыроды Палесься, і ад сустрэчаў з людзьмі — з мясцовым начальствам і вяскоўцамі-палешукамі, і ад тутэйшай паляшуцкай гаворкі, жывое гучаньне якой слухаў, з замілаваньнем, упершыню. А песьні! Божа, якія песьні пашчасьціла пачуць аднойчы вечарам у вёсцы, дзе мы з Міколам заначавалі! А колькі было ўсякіх дарожных прыгодаў! — дробных, вядома, забаўных і нават сьмешных, аднак жа ўспрынятых з удзячнасьцю лёсу, бо ўспамінаюцца з пачуцьцём цёплым і радасным — як і ўсё іншае добрае і сьветлае, што ўпляталася ў тваё жыцьцё, уваходзіла ў душу і сэрца, каб і праз многія-многія гады шчасьліва прарасьці нечаканаю думкай, засьвяціцца ўжо нейкім новым сьвятлом, прабліснуць новым сэнсам — на ўзроўні і з улікам набытага жыцьцёвага досьведу. І як жа сёньня шкадую, што ў маладосьці так мала вандраваў па Беларусі, што не скарыстаў дадзенай лёсам магчымасьці абысьці і аб’ехаць родную краіну ўдоўж і ўпоперак — усю, што так і засталіся не адкрытымі, не пабачанымі мною цэлыя рэгіёны, куты і закуткі роднай зямелькі.