Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 60

Ніл Гілевіч

Дык вось у ліпені 1953-га гэтым неспакойным полымем быў ахоплены і я, цэлы тыдзень, да пачатку нарады, хадзіў з такім неадступным хваляваньнем у сэрцы, няйначай сапраўды вырашаўся мой жыцьцёвы лёс. Гэта — пазьней, пазьней, пазьней прыйдзе разуменьне, што галоўнае — не фармальны акт залічэньня ў СП, а радасьць творчасьці і яе рэальны плён, і ты будзеш успамінаць тыя перажываньні з іранічнай усьмешкай. А тады... а тады — удар я перанёс страшэнны. Насуперак папярэдняй дамоўленасьці кіраўнікоў СП і ўзгадненьню «там, дзе трэба» (а ў тыя часы — усё узгаднялася ў ЦК), у Саюз тым разам мяне не прынялі. Дакладчыкам па маёй творчасьці быў Аляксей Русецкі, сам тады яшчэ паэт малавядомы, аўтар аднаго зборніка вершаў. Сказаў Аляксей Сьцяпанавіч вельмі коратка, усяго некалькі фраз, і вельмі вяла, нават занудліва, як па прымусу. І хоць закончыў (гэтак жа раўнадушна-вяла) рэкамендацыяй прыняць маладога паэта ў члены Саюзу — уражаньня на прысутных не зрабіў. Думаю, сам ён і не хацеў, каб я быў прыняты, але працаваў літкансультантам у СП і рабіў тое, што яму загадала начальства. Калі ён скончыў сваё кароценькае адчэпнае слова, я зразумеў: надзея, якую ў мяне ўсялілі самі ж кіраўнікі Саюзу, церпіць крах. Пасьля такога «дакладу» ў творчы саюз не прымаюць. «Але ж і пашанцавала! — горка ўсьміхнуўся я сам сабе ў думках.— І нашто было брацца за даклад?». Абмеркаваньне маіх вершаў таксама ішло вяла, пакуль ня ўзяў слова Айзік Кучар: ён напнуўся і з уласьцівым яму пафасам (ціха, спакойна ён ніколі не гаварыў) зьбіў, стоўк Ніла Гілевіча на горкі яблык. Помню (сядзеў блізка, у другім радзе, і добра чуў), як Пятрусь Броўка нахіліўся да госьця з Расіі паэта Мікалая Рыленкава, уставіўся позіркам яму ў вочы і спытаў: «Как, Николай Иванович, поддержим?» Госьць скрывіў губу і адказаў: «По-моему, надо воздержаться». Броўка тут жа голасна паўтарыў тое, што Рыленкаў сказаў яму ціха. «Здольны паэт, але ад прыёму давайце ўстрымаемся. Хто тут у нас наступны?..»