Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 59

Ніл Гілевіч

І насунуліся на Беларусь яшчэ чарнейшыя, чым дасюль, хмары русіфікацыі. Асабліва, калі ў 1956-м першым сакратаром ЦК КПБ стаў аж на дзевяць гадоў свой, беларус — Кірыла Мазураў. (На пленуме ў 1953-м і ён выступіў у падтрымку беларусізацыі, ну а цяпер...). Хоць была «хрушчоўская адліга» — беларускія школы зачыняліся сотнямі, адна за адной, мову навучаньня дзяцей у школах аддалі на волю бацькоў, на іх выбар. А што ж выбіраць — калі для беларускай мовы персьпектывы ніякай. І наогул — калі Крэмль сказаў сваё слова.

***

Тым летам мяне чакала і адно засмучэньне прыватнага парадку. У ліпені праводзілася чарговая нарада маладых пісьменьнікаў, і, па ўсталяванай традыцыі, меркавалася, што некалькі яе ўдзельнікаў, найбольш выяўленых маладых аўтараў, будуць прынятыя на заключным пасяджэньні ў члены Саюза пісьменьнікаў. За ты­дзень да адкрыцьця нарады мне афіцыйна паведамілі, што ад секцыі паэзіі ў Саюз будуць рэкамендаваныя Пятрусь Макаль і Ніл Гілевіч. Вядома, якое значэньне заўсёды, і асабліва ў тыя часы, надавалі прыёму ў СП маладыя літаратары. Перш за ўсё, гэта ўспрымалася як афіцыйнае прызнаньне тваёй прафесійнай пісьменьніц­кай годнасьці; гэтым актам ты, можна сказаць, далучаўся да «касты» парнасцаў, што прыносіла душы маладога творцы вялікую маральную ўцеху. Па-другое, членства ў СП давала права юрыдычна прэтэндаваць на выданьне кнігі і значна аблягчала дасягненьне гэтае мэты: з сябрам Саюзу ў выдавецтве ўжо вымушаныя былі лічыцца і ставіліся да яго рукапісу больш зычліва. Рукапісы ня членаў СП тады залежваліся як правіла надоўга. Апрача таго, прафесійна «аформленыя» «парнасцы» далучаліся і да пэўных выгодаў матэрыяльнага парадку, з дапамогай Саюзу і Літаратурнага Фонду маглі хутчэй палепшыць свой дабрабыт — атрымаць кватэру (ці хоць пакой у камуналцы), пабываць па ільготнай пуцёўцы ў доме творчасьці, зьезьдзіць за кошт СП у творчую камандзіроўку, пакарыстацца паліклінікай літфонду, трапіць у склад пісьменьніцкай дэлегацыі для паездкі за межы рэспублікі. Для многіх з «пішучай браціі» матэрыяльныя выгады і былі галоўным пабуджальным матывам настойлівага імкненьня як мага хутчэй аформіцца ў члены Саюзу. Пазьней, калі працаваў сакратаром праўленьня СП, я неаднойчы быў сьведкам, як «неафіт» прыносіў заяўку на кватэру ці на пуцёўку ў Дом творчасьці літаральна на другі дзень пасьля прыняцьця ў Саюз і як голасна пры гэтым гучала ягонае «дай!». Не магу сказаць, каб хто-небудзь з паэтаў нашага набору (С. Гаўрусёў, П. Макаль, У. Нядзьведскі, Г. Кляўко і інш.) вызначаўся падобнай «хваткай». Сам я ўпершыню асьмеліўся папрасіць пуцёўку на бераг мора праз чатырнаццаць гадоў пасьля прыёму ў СП: усё лічыў, што гэтыя «курорты» для больш заслужаных, для старэйшых, а я, малады і здаровы, абыйдуся, пасяджу і на беразе Нарачы, у вясковай хаціне. Але што датычыць афіцыйнага прызнаньня пісьменьнікам-прафесіяналам і права на выданьне кнігі — гэтаму мы ўсе, і я ў тым ліку, надавалі вялікае значэньне, тут маладыя амбіцыі спрацоўвалі на поўную сілу. Ну як жа: быць у адным творчым саюзе з такімі славутасьцямі, як сам Якуб Колас (яшчэ жыў і працаваў, старэйшына), Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Пятро Глебка, Янка Маўр!.. Што ні кажыце, а гэта распальвала ў душы такое вогнішча запаветных мрояў, пагасіць якое было раўназначна жыцьцёвай катастрофе. (Трохі перабольшваю — і аднак жа!).