Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 58

Ніл Гілевіч

З болем і з горкім сумам гаварыў пра становішча беларускай мовы ў Беларусі, пра грэблівыя і глумлівыя да яе адносіны Якуб Колас, і таксама патрабаваў: «Гаварыць з народам, рабіць перад ім справаздачы трэба на яго мове». І будучы першы сакратар ЦК КПБ Ц. Кісялёў падтрымаў дакладчыка: «І калі мы пачнём практычна карыстацца беларускай мовай, будзем пісаць і гаварыць па-беларуску, і ў школах зьменяцца адносіны да беларускай мовы, і гэты недахоп, ці больш правільна — памылкі ў гэтых пытаньнях, будуць ліквідаваныя». Цяжка паверыць, што ўсё гэта гаварылася ў 1953 годзе, і не за сяброўскім сталом, у вузкім коле патрыётаў-інтэлігентаў, а на пленуме ЦК КПБ. Гаварылася, калі наша мова яшчэ не была канчаткова за­гнаная ў рэзервацыю — як у 1960-я, у 1970-я і ў пачатку 1980-х. Нагадваю, што тады яшчэ працавалі на беларускай мове чатыры міністэрствы (адукацыі, культуры, будаўніцтва і фінансаў). І амаль усе вясковыя школы, а яшчэ трохі і ў гарадах, былі беларускімі. Уражвае, як лёгка і з задавальненьнем высокія партыйна-савецкія чыноўнікі Беларусі прынялі тады патрабаваньні Крамля і наконт нацыянальных кадраў і наконт беларускай мовы. Значыць, былі да гэтага гатовыя. Значыць, сваё, роднае-прыроднае, дарэшты яшчэ не адмерла.

Але гэта я сёньня, ведаючы архіўныя матэрыялы, разважаю пра ўжо далёкі (пяцьдзясят гадоў мінула!) час. А тады... На маё вялікае шкадаваньне, нагнаны Масквой «шорах», як імгненна ўспыхнуў, так імгненна, праз некалькі дзён, і аціх, скончыўся. У Маскве, 26-га чэрвеня, калі яшчэ праходзіў пленум ЦК КПБ, быў арыштаваны як вораг партыі і народа ўсясільны член палітбюро ЦК КПСС Лаўрэнці Берыя. І стала вядома, што спроба ўмацаваць у рэспубліках нацыянальныя кадры і нацыянальную мову — гэта «правакацыйная акцыя» Берыі. Засмуціла гэта мяне страшэнна. Вось табе і на! Выдатная, у вышэйшай меры справядлівая ініцыятыва аказалася берыеўскай правакацыяй. Як жа так? Чаму такая высакародная справа зьвязаная з імем Берыі і асуджана як антыпартыйная? Нешта ня сходзяцца канцы з канцамі. І што будзе з мовай?

На тым ліпеньскім Пленуме ЦК КПСС, на якім была асуджаная антыпартыйная вылазка Л. Берыі, адзін з самых верных сталінцаў у Крамлі, член Палітбюро Л. Кагановіч сказаў: «Центральный Комитет уничтожил авантюриста Берия и безусловно поправит всё, что нужно по национальному вопросу, ...мы обеспечим дальнейшее укрепление национальной политики нашего государства...» Ну дык жа і забясьпечылі таварышы «цьвёрдакаменныя», забясьпечылі! Умацаваньне «нацыянальнай палітыкі» набыло «належную» сілу і размах. Як гэта звычайна і бывае пасьля дапушчанага грэхападзеньня (у нашым выпадку — «нацыяналістычнага»), партыйна-савецкія кіраўнікі Беларусі, усароміўшыся і пакаяўшыся, узяліся з яшчэ большым імпэтам пацьвярджаць сваю вернасьць генеральнай лініі партыі ў нацыя­нальным пытаньні. На ўсё тое, што дзень назад было імі ж абвешчана, наклалі строгае табу — забудзьце і не варушыце! Усё забудзьце! Ніякіх зьменаў-пераменаў. І нават больш: паколькі «нацыяналістычная» ініцыятыва зыходзіла ад ворага народу і партыі — трэба што называецца «паднаціснуць» на праблему інтэрнацыянальнага выхаваньня грамадзянаў рэспублікі, яшчэ актыўней запрацаваць на павелічэньне ролі і месца рускай мовы ў БССР. Помню, помню, як ажывіліся, як засьвяціліся тварамі, як радасна забегалі калідорамі універсітэту найбольш палымяныя «інтэрнацыяналісты». «Чулі? Гэта ж, аказваецца, нягоднік Берыя хацеў такім чынам, у разьліку на падтрымку нацыяналаў, захапіць уладу і зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот! Хацеў пасеяць варажнечу паміж беларусамі і рускімі і наогул — паміж усімі народамі-братамі краіны!» «Ах ты, сволочь Берия! Нет тебе доверия!» — працытаваў мне пры сустрэчы новасьпечаную частушку прафесар Іван Гутараў.