Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 56

Ніл Гілевіч

Са сьмерцю Сталіна зьвязаны і яшчэ адзін біяграфічны эпізод, аб якім доўгі час я ўспамінаў са шкадаваньнем і з «папрокам» правадыру, што ён выбраў нялепшы час для разьвітаньня з гэтым сьветам. Калі б ён зрабіў гэта хоць на месяц пазьней — тады б у першым нумары новага часопісу «Маладосьць», які пачаў выдавацца менавіта ў сакавіку 1953 году, быў бы зьмешчаны мой лірычны, з усьмешкай, верш. Адкрыцьцё (дзякуючы П. М. Машэраву) новага літаратурнага часопісу, прызначанага для моладзі, было тады ўспрынята намі, маладымі аўтарамі, як вялікая радасная падзея. Помню, як на філфаку мяне знайшоў Мікола Аўрамчык, прызначаны загадчыкам аддзелу паэзіі ў «Маладосьці», і сказаў: «Табе аказаны гонар: рэдкалегія рашыла цябе прадставіць у першым нумары часопісу, — так што прынось мне не пазьней як праз тыдзень верш — пажадана, каб з цёплым і сьветлым настроем, можа, нават са сьмяшынкаю». Што і казаць: узрадаваны я быў вельмі. І вось... Не пасьпелі аддрукаваць тыраж, як адбылася сумная падзея, і з карэктурных аркушаў было зьнята і перанесена ў наступны красавіцкі нумар усё гумарыстычнае і нават лірычнае «са сьмяшынкай», у тым ліку і мой «цёплы, сьветлы па настроі» верш. І цяпер, калі да юбілейных датаў часопісу гісторыкі беларускага перыядычнага друку перагортваюць яго першы нумар, — маё імя, натуральна, не ўпамінаецца.

Праз два з палавінай месяцы пасьля сьмерці Сталіна па ўсёй Беларусі, найперш па гарадах, па ўсіх катэгорыях насельніцтва, асабліва па чыноўніках і інтэлігенцыі прайшоў страшэнны палітычны «шорах», які ўздыбіў думкі і пачуцьці сотняў тысячаў людзей: адных ахапіў трывогай і амаль роспаччу, другіх — шчасьлівым хваляваньнем, радаснымі надзеямі. У Менску адбыўся Пленум ЦК КПБ. Ды які пленум! Ён прыняў пастанову з жорсткім асуджэньнем ненармальнага становішча беларускай мовы ў Беларусі і патрабаваў гэтае становішча рашуча перайначыць на карысьць беларушчыны. У чэрвені 1953-га! Чуткі пра гэта імгненна разышліся-разьляцеліся па ўсіх установах, у тым ліку і па нашым універсітэце. Ды і як не разьляцецца, калі зьверху прагучаў загад — неадкладна ва ўсіх канцылярыях усе друкарскія машынкі забясьпечыць беларускімі літарамі, паколькі ўсё справаводства тэрмінова пераводзіцца на беларускую мову.

Асабіста я пачуў ашаламляльную навіну ад Аляксея Мурнева — вельмі дэмакратычна настроенага і палітычна разьвітага студэнта БДУ (вучыўся на аддзяленьні філасофіі гістфаку; запомніўся мне жоўтымі томікамі Пляханава пад пахай). «Нашы універсітэцкія чыноўнікі ў паніцы, — сказаў Аляксей. — Пагналі машыністак з машынкамі ў майстэрні — дарабляць беларускія літары. На пленуме востра крытыкавалася нацыянальна-кадравая сітуацыя ў Беларусі. Патолічава, які не беларус, хацелі скінуць з пасады Першага і замяніць яго прысланым з Масквы беларусам Зімяніным, але ўперліся многія члены ЦК — і прапанова Крамля не прайшла, застаўся Першым сакратаром Патолічаў...» У рэдакцыі «Полымя», куды я хадзіў з вершамі досыць часта, пачуў пра пленум значна больш. Аказваецца, вельмі вострая размова ішла там ня толькі пра нацыянальныя кадры, але і пра беларускую мову. Гэта мяне ўсхвалявала надзвычайна. Бо памалу-патроху, хоць сам сабой, без сяброў-аднадумцаў, я даходзіў да ўсьведамленьня, што наша родная мова ў нас у вялікім занядбаньні, у загоне. І калі пленум ЦК прымае такую патрыятычную пастанову — значыць, сітуацыя мяняецца да лепшага, значыць, беларускай мове жыць і квітнець. Для чалавека, які ў 15 з паловай напісаў клятву на вернасьць роднаму слову («Не дазволю. Ня дам. Не прадам. Не зьмяняю. І да сьмерці за волю тваю пастаю!»), большай радасьці, чым гэта, быць не магло. Тады ж пачуў, што на пленуме нібыта вы­ступіў у абарону беларускай мовы і Якуб Колас. Але ўсё гэта было на ўзроўні чутак.