Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 54

Ніл Гілевіч

Так, пісаліся вершы і пра партыю, і пра Леніна, і пра Сталіна (у дачыненьні да гэтага апошняга маё пакаленьне, што праўда, награшыла зусім няшмат — не пасьпела, у адрозьненьне ад старэйшых паэтаў). Пісаліся, вядома, бо не пісаць такіх рэчаў зусім — практычна было немагчыма. Задумваюся, аднак, вось над чым: чаму ўсе мае вершы на гэтыя тэмы відочна ўступаюць у мастацкасьці, у вобразнасьці, у паэтычнасьці мовы — іншым, ну, скажам, вершам на гэтак званыя вечныя тэмы: аб каханьні, аб прыродзе, аб родным краі, пра маці. Чаму ў іх спрэс — рытарычнае сьлізганьне па паверхні? Чаму, урэшце, ніводзін з іх ня трапіў у мой першы зборнік вершаў «Песьня ў дарогу» і ў маё першае ў жыцьці выбранае «Лісьце трыпутніку»? Ды, відаць, таму, што я сам бачыў іх сапраўдную вартасьць і калі не зусім разумеў, то дзесь у падсьвядомасьці адчуваў першапрычыну іх паяўленьня на сьвет: даніна модзе. «Так трэба». Гэтага ад цябе чакаюць. Хто? А ўсе кругом! Ня толькі партыйнае начальства, якога ты ў глыбіні душы не паважаеш, але і гэтак званы масавы, адпаведна выхаваны чытач. Можна сказаць, сам народ. Сам яго вялікасьць «тру­дзяшчы» клас краіны. Паспрабуй забыцца або доўгі час ігнараваць гэту «вядучую тэматыку» мастацтва сацыялістычнага рэалізму! Убачыш, што будзе, што табе скажа галоўны ў краіне чытач, галоўны спажывец тваёй паэзіі. «Даў пад дых, як токар Твардоўскаму», — гэта я прыдумаю пазьней, у 1968-м, пасьля аднаго нашумелага «открытого письма» рэдактару «Нового мира», але штось падобнае іранічнае, горкае, пратэстоўнае ўзьбягала на думку ўжо і тады, у пяцідзясятыя.

Пры ўсёй самакрытычнасьці не магу, азіраючы пройдзенае, сказаць, што я «перастараўся» ў распрацоўцы трывала выгадных ці часова кан’юнктурных тэм, што мая даніна ім вялікая. Наадварот. Вершаў падобнага гучаньня зусім небагата, а з шасьці паэмаў, напісаных у савецкі час, няма ніводнай, якую можна было б далучыць да хваленых тады эпічных кампазіцыяў, скажам, пра беларускіх хадакоў у Леніна, або пра вецер з Волгі, або што-небудзь іншае ў гэтым родзе. А пра што яны, мае паэмы? Ды пра жыцьцё народу, пра драматычныя і трагічныя падзеі яго нядаўняй гісторыі («Сто вузлоў памяці», «Недзяленя», «Заручыны», «А раніцы ўжо не было»), пра экалагічную сьвядомасьць і несьвядомасьць сучаснага беларуса ў сваіх адносінах з прыродай і культурай («Пачатак», «А дзе ж тая крынічанька?»). Ня кажучы пра паэмы гратэскавыя і сатырычныя («Сказ пра Лысую гару», «Формула іржавіны»). Гэта цалкам дастасоўваецца і да рамана ў вершах «Родныя дзеці», які выйшаў у сьвет яшчэ да аб’яўленьня палітычнага курсу на «перабудову» (вясною 1985-га). І ў паэмах, і ў рамане нават і напамінку няма пра вернасьць прынцыпу партыйнасьці ў літаратуры, і ніякага «вобраза камуніста», і ніякай згадкі пра «кірую­чую ролю партыі ў грамадстве», а ўсё — пра звычайных, простых людзей, пра іх жыцьцё і клопаты, іх будні і сьвяты, а ўсё — пра самае набалелае, самае трывожнае, і пра самае дарагое, самае сьвятое для сумленнага чалавека. За гэта і ўдзячны лёсу.