Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 55

Ніл Гілевіч

***

Але вярнуся ў свае студэнцкія гады, і ў прыватнасьці — у сакавік 1953-га. «Памёр Сталін». На нейкі час гэтая вестка проста агаломшыла. Як гэта — Сталін і... памёр? Сталін — несьмяротны. Як і яго геніяльнае вучэньне. Сталін — Бог, Дэміург, Усявышні, а хіба Бог можа памерці? Ніколі ні разу і не падумалася такое — каб раптам застацца бяз Сталіна. І аднак жа ўсё навокал сьведчыць і пацьвярджае, што вялікі правадыр усіх працоўных сьвету — «помре». Асабліва — гэтая жалобна-урачыстая музыка, якая і з дынамікаў у інтэрнаце, і з рупараў на плошчах гучыць несьціхана ад шасьці раніцы да гадзіны ночы, прычым з рупараў — вельмі голасна, на ўвесь Менск. Многія студэнты, у тым ліку і дзяўчаты з нашага курса, рванулі цягніком у Маскву, на разьвітаньне з Вялікім і Мудрым (на шчасьце, у «хадынку» ня трапілі, іх ад Беларускага вакзалу ў цэнтр не пусьцілі). Мне такое ў галаву не прыйшло — ехаць разьвітвацца са Сталіным. Увогуле ніякага пачуцьця смутку, жалю, шкадаваньня ў душы я не адчуваў, усё гэта было выцесьнена куды больш моцным пачуцьцём устрывожанасьці: а як жа цяпер, без Яго, будзе? Хіба таварыш Малянкоў зможа яго замяніць? Замяніць... Сталіна? Уявіць такое немагчыма. Ой жа, відаць, і смуты пачнуцца!

Але пайшоў у педвучылішча праведаць сястру Ідзею, была там навучэнкай, а яна і кажа: «На жалобным мітынгу ў нас выступіў ад студэнтаў наш вучылішчны паэт М. Г. і прачытаў верш, які заканчваецца радкамі:

Да здравствует лучший из его учеников —

Георгий Максимиллианович Маленков!

Значыць, будзе правадыром Малянкоў?» — спытала ў мяне, таксама занепакое­ная, як і я, сястра. — «Ну, значыць, будзе, значыць, заменіць, кажу...» Занепакоенасьць і нават пэўная разгубленасьць у мяне, палітычна актыўнага студэнта, была, як у чалавека, які без перабольшаньня ад калыскі падрастаў з імем Сталіна на слыху, якому грунтоўна ўбілі ў галаву, што Сталін — адзіна дастойны працяг Леніна, што ўсе грандыёзныя, эпахальныя, гістарычныя перамогі і дасягненьні савецкага народу былі ажыцьцёўленыя толькі дзякуючы мудраму, геніяльнаму кіраўніцтву Іосіфа Вісарыёнавіча. Атмасфера жалобы і ўсенароднага смуткаваньня нагняталася ў тыя сакавіцкія дні паўсюдна і ўсемагчымымі спосабамі, асабліва шчыраваньнем газетаў і радыё. Касякамі пайшлі ў друку разьвітальныя словы вядомых і знакамітых лю­дзей, у тым ліку паэтаў і пісьменьнікаў — М. Шолахава, А. Фадзеева, вершы А. Пра­коф’ева, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, П. Броўкі і многіх іншых. На вуліцах — бясконцыя плыні людзей, мінчанаў і прыезджых, з тварамі сумнымі і нават заплаканымі. Асабліва людна было на цэнтральнай плошчы гораду каля гіганцкага манумента Сталіну. Утварылася даўжэзная чарга пакланеньня яго бронзавым мошчам, устаноўленым там яшчэ пры жыцьці дыктатара. Да той чаргі далучыліся і мы з Нінай — маёй аднакурсьніцай і будучай жонкай. Тройчы, бязмоўна, як у маўзалеі, і гэткай жа павольнай, маруднай ступою абышлі мы ў той чарзе металёвага ідала. А паколькі на нагах у мяне былі дзіравыя чаравікі, а на асфальце, пад нагамі, страшэнная хлюпа, месіва расталага сьнегу, то гэты абрад ідалапаклонства мне сяго-таго каштаваў: назаўтра ад ангіны я ня мог ня толькі нічога праглынуць, але і нічога прагаварыць. Давялося карыстацца пяром і чарнілам. Што я і зрабіў — і пакарыстаўся. Напісаў верш «Разьвітаньне» і паслаў поштай у «Чырвоную зьмену». Там яму далі свой, больш мэтанакіраваны і аптымістычны загаловак, і надрукавалі. Праз сорак з гакам гадоў зласьлівыя-кусьлівыя абаронцы сталіншчыны будуць у друку смакаваць гэты факт маёй творчай біяграфіі, каб абвінаваціць аўтара ў зьдзейсьненым ім вераадступніцтве.