Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 53

Ніл Гілевіч

Тады ж на першым курсе, пачалася і мая праца ў галіне мастацкага перакладу. Пачалася з паэзіі Маякоўскага. У красавіку 1952-га адзначалася 40-я гадавіна растрэлу рабочых на Ленскіх залатых прыісках. Да гэтай даты я пераклаў верш вялікага рэвалюцыйнага паэта «Лена», які быў зьмешчаны ў насьценнай газеце філфаку «Слова філолага». З Маякоўскім зьвязаны і працяг гэтай цікавай творчай працы: летам 1953-га, у сувязі з 60-мі ўгодкамі паэта, я апублікаваў у «Чырвонай зьмене» падборку перакладаў з ягонай паэзіі. У тым жа годзе сваю цікавасьць да праблемаў мастацкага перакладу засьведчыў яшчэ адным немалаважным фактам: у якасьці курсавой работы па літаратуры напісаў даклад на тэму «Якуб Колас — перакладчык паэзіі Т. Р. Шаўчэнкі». І зрабіў першы пераклад з украінскай — верш І. Ганчарэнкі для зборніка сучаснай украінскай паэзіі, выдадзенага годам пазьней у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі.

У 1952 годзе курс лекцыяў па гісторыі беларускай літаратуры нам пачаў чытаць прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка. Імя яго мне было вядома ўжо даўно па публікацыях у «Беларусі», «Полымі», «ЛіМе» і іншых перыядычных беларускіх выданьнях. І ня толькі па яго публікацыях, а яшчэ і па тым, як сурова бэсьцілі яго ў партыйным друку за станоўчую ацэнку «беларускага буржуазнага нацыяналіста і контррэвалюцыянера» Алеся Гаруна, за непартыйную ацэнку творчасьці Ядвігіна Ш. — таксама «нацыяналіста і ворага Кастрычніцкай рэвалюцыі». (Пра гэта мною ўжо гаварылася раней). Ва універсітэце, слухаючы лекцыі прафесара, у якіх так часта мільгалі фразы, накшталт «патрыятычныя настроі паэта», «клопат пра разьвіцьцё беларускай культуры, пра школу на роднай мове», «барацьба супраць нацыянальнага прыгнёту», я ўспамінаў тыя пасьляваенныя публікацыі Ларчанкі і тую крытыку яго «непартыйных падыходаў», і міжволі пачаў задумвацца над пытаньнямі, да якіх раней не даходзіў, не падымаўся. Ніхто ніколі, нават звышасьцярожна, на гэтыя тэмы са мной не гаварыў. А тут... Кажучы хрэстаматыйнымі радкамі Якуба Коласа: «Зноў яго разумок варушыцца пачаў». Так, у сьвядомасьці маладога паэта пачалі прарастаць першыя карэньчыкі сумневу наконт справядлівасьці ўсяго таго, што адбывалася ў дачыненьні да беларускай літаратуры, да жыцьцёвага лёсу яе творцаў. Вядома, гэта не закранала маёй агульнай ідэйнай пазіцыі, маёй веры ў палітычныя і сацыяльныя ідэалы Кастрычніка. Што не закранала — бачна і па тагачасных маіх вершах. Але хацеў бы тут падзяліцца некаторымі меркаваньнямі наконт гэтай самай паэтычнай даніны абавязковым тады вымогам партыйнасьці, у чым так зласьліва і насьмешліва папракаюць нас сёньняшнія «пракуроры» і «пракурорчыкі» ад літаратуры.