Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 52

Ніл Гілевіч

І не магу прыгадаць, каб у першыя гады вучобы, нават і хто-небудзь з «браціі пішучай» — пачынаючых паэтаў, празаікаў, журналістаў — закранаў нацыянальнае пытаньне дастасоўна да нашай беларускай рэчаіснасьці, і ў прыватнасьці гаварыў аб тым, у якім становішчы знаходзіцца ў Беларусі, на сваёй роднай зямлі, беларуская мова. Такога ня помню. Усьлед за выкладчыкамі грамадскіх навук і студэнты патрафлялі агульнай тэндэнцыі, і ведалі, што беларускі буржуазны нацыяналізм, «нацдэмаўшчына» — гэта нешта вельмі шкоднае для грамадства, для савецкага ладу і небясьпечнае для цябе самога: заразіцца ім — значыць стаць «ворагам народу». І кацілася наша вучоба і наша жыцьцё па накатанай каляіне.

Пішу і друкуюся, стаўшы студэнтам універсітэту, многа — амаль ва ўсіх беларускіх рэспубліканскіх газетах і часопісах. Незабыўнай падзеяй гэтай пары стала вечарына, прысьвечаная 70-годдзю Якуба Коласа з удзелам самога юбіляра (28 кастрычніка 1952 году). На вечарыне выступалі вядомыя паэты (Лужанін, Калачынскі, Агняцьвет), і мне таксама далі слова. Я прачытаў два, прысьвечаныя юбіляру, вершы, якія былі надзвычай прыхільна, з гарачымі воплескамі, сустрэтыя аўдыторыяй. Хацеў ужо зьбегчы са сцэны, але азірнуўся на прэзідыум і ўбачыў, што абодва нашы прафесары — І. В. Гутараў і М. Р. Ларчанка — паказваюць мне, каб я падышоў да юбіляра. І я падышоў. Праўда, вершы аддаць яму пасаромеўся. Канстанцін Міхайлавіч падняўся, сказаў «дзякую за добрыя вершы, зычу вам вялікіх посьпехаў» і сардэчна паціснуў мне руку. Гэта было няйначай як блаславеньне вялікага старца, патрыярха ўсяе беларускае літаратуры маладому паэту. Падзея гэтая ня толькі акрыліла мяне, дадала натхненьня і веры ў свае сілы, але, можна сказаць, прымусіла яшчэ мацней задумацца над сваім прызваньнем, сваім чалавечым лёсам, над тым, на якую жыцьцёвую дарогу я выходжу і якія грамадзянскія абавязкі на сябе бяру.

***

З першага курсу універсітэту пачалося маё сур’ёзнае зацікаўленьне беларускім фальклорам. Курс народна-паэтычнай творчасьці нам чытаў вядомы этнограф і фалькларыст М. Я. Грынблат. Для практычных заняткаў ён папрасіў тых, хто можа, запісаць фальклорныя творы сваёй мясцовасьці. Помню, як імжыстым лістападаўскім вечарам я хадзіў да старэнькага Якуба Бурбоўскага, а затым да маці майго сябра Анэты Давідовіч запісваць песьні. Тое маё «хаджэньне ў народ па песьні» я і лічу пачаткам сваёй навуковай фалькларыстычнай працы. Сабраныя песьні (некалькі старых салдацкіх і дзясяткі тры абрадавых, пераважна вясельных) паслужылі матэрыялам для майго дакладу ў студэнцкай аўдыторыі. Увогуле, з прыемнасьцю ўспамінаю, што вучыцца ва універсітэце мне было цікава, я стараўся не прапускаць лекцыі і акуратна кансьпектаваў іх, вядома, ня ўсе, а тых выкладчыкаў, якіх лічыў сур’ёзнымі знаўцамі свайго прадмета. Найперш гэта датычыла лекцыяў па курсах літаратуры — як беларускай, так і рускай, і замежнай. З ахвотай займаўся ў чытальнай зале бібліятэкі або ў якім-небудзь з кабінетаў. Напрыклад, у кабінеце беларускай мовы і літаратуры тыднямі карпеў над «Слоўнікам» І. І. Насовіча, выпісваючы з яго сабе — у сьпецыяльныя алфавітныя блакноты — яркія, каларытная слоўцы, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі. На першым жа курсе зрабіў вялікі даклад на тэму «Метафара ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”».