Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 51

Ніл Гілевіч

Тым часам на старонках газетаў і часопісаў пачынаюць мільгаць новыя імёны маладых паэтаў: Сцяпан Гаўрусёў, Пятрусь Макаль, Уладзіслаў Нядзьведскі, Еўдакія Лось, Генадзь Кляўко, Алег Лойка, Алесь Ставер, Уладзімір Ляпёшкін і інш. Усе — падлеткі ваеннай пары, усе — вельмі падобнага лёсу, памочнікі-разьведчыкі і сувязныя партызанаў, ахвяры блакадных жахаў, голаду і холаду. «Я вырас пад гарматнымі стваламі», — скажа пазьней пра сябе і пра ўсіх нас Сьцяпан Гаўрусёў, скажа так вобразна-ёмка, афарыстычна і дакладна, як мог сказаць толькі ён.

***

Чырвоны дыплом за педвучылішча дазволіў мне без абітурыенцкіх турботаў падацца на вучобу ў БДУ. Ранейшыя мае меркаваньні-разьлікі — хутчэй пайсьці на працу, на самастойны хлеб — адпалі. Зразумеў, што змагу падзарабляць трохі і, значыць, абыходзіцца без матэрыяльнай падтрымкі з дому. Зрабіўшы выбар, асудзіў сябе яшчэ на пяць гадоў студэнцкага інтэрнацкага жыцьця. Пасадзейнічала гэтаму майму рашэньню і тое, што амаль усе з пералічаных вышэй паэтаў, як стала мне вядома, былі ў той час студэнтамі або БДУ або педагагічнага інстытуту.

Ва універсітэт разам са мной паступілі на вучобу будучыя вядомыя паэты і пісь­меньнікі: Анатоль Вярцінскі, Мікола Арочка, Адам Мальдзіс, Арсень Ліс. Была спроба стварыць нейкі літаратурны гурток, помню, нават адзін раз сабраліся (здаецца, наўмысна для таго, каб сфатаграфавацца з Кандратам Крапівой), і, здаецца, на гэтым яго існаваньне скончылася, ва ўсякім разе я ў яго пасяджэньнях больш ня ўдзельнічаў. Як і ў працы літаб’яднаньня пры «Чырвонай зьмене»: таксама схадзіў разы два-тры — і ўсё, далей ня стала ахвоты, здалося нецікавым абмяркоўваць «сьцішкі» людзей безнадзейна глухіх да мастацкага слова або надта ж яшчэ зялёных-бездапаможных.

Першае ўражаньне ад новага месца вучобы — у беларускім універсітэце амаль нічога беларускага. Усе курсы лекцыяў, за выняткам трох (фальклор, беларуская мова, беларуская літаратура), чытаюцца па-расейску. І ўся атмасфера — куды ні ступі, ні зайдзі — ці дэканат, ці які кабінет — усюды расейшчына. У студэнцкім асяроддзі на філфаку тон задаюць камсамолачкі-актывістачкі, мінчаначкі, наогул — гараджаначкі, усюдыісныя,— пырхаюць, бегаюць, носяцца па лесьвіцах, толькі і чуюцца банальныя фразачкі, слоўцы, нязвыклыя мне формы ўласных імёнаў (Вадзік! Вовік! Нэлка!), — суздром расейшчына, а ні знаку, ні подыху беларускага! І толькі дзе сыходзіліся ў купкі студэнты аддзяленьня беларускай мовы і літаратуры, асабліва малодшых курсаў, яшчэ не прычэсаныя пад агульны грэбень дзяржаўнай культуры, — там чулася і родная мова, «і звонкае “дзе” і густое “чаго”», і наогул пахла Беларусьсю. Аднак жа хочаш ня хочаш — уцягваюцца ў расейшчыну і ўчарашнія вяскоўцы, нават на бытавым узроўні, а тым больш у гэтак званым жыцьці грамадскім. Калі, напрыклад, цябе выклікалі па нейкай справе ў камітэт камсамолу, а там рабочая мова — расейская, і ўсе суровыя «суддзі» задаюць табе пытаньні толькі па-расейску,— дык як жа ты заікнешся там па-беларуску?