Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 50

Ніл Гілевіч

Ці зусім марнаю была ўсё ж гэтая праца над гумарыстычнымі паэмамі з жыцьця і побыту студэнтаў? Не зусім, канешне. Па-першае, набываўся досьвед валоданьня радком, вершам, досьвед распараджэньня словам, інтанацыяй, сродкамі паэтыкі сьмеху. Па-другое, і гэта галоўнае, праца над імі была своеасаблівым прарывам душы да жыцьця, да рэальнасьці. Замест пісаньня па ўзорах казённай рыторыкі, па ўражаньнях ад прачытанага — пачалося вершаваньне ад свайго ўласнага душэўнага вопыту, ад сваіх жыцьцёвых абставінаў. А гэта быў, несумненна, крок наперад, няхай сабе і такога кшталту.

***

У красавіку 1949-га, звышнеспадзявана для мяне, я быў абраны, дакладней — сілком прызначаны сакратаром камітэту камсамолу педвучылішча. Рэч у тым, што папярэднік у гэтым годзе канчаў вучобу (дасюль, да нашага набору, тэрмін навучаньня быў тры гады), і яго трэба было, натуральна, вызваліць ад пасады. Парторг вучылішча, выкладчыца гісторыі ВКП(б), з увагі на маю палітычную дасьведчанасьць, на выдатную вучобу і паводзіны, прапанавала, прычым безагаворачна, маю кандыдатуру, аб чым досыць хутка і пашкадавала. Я дастаткова ведаў сябе, свой характар, сваю некантактнасьць з незнаёмымі людзьмі, тую ж сарамяжлівасьць, і галоўнае — поўную нялюбасьць камандаваць, даваць распараджэньні, — і колькі мог прасіў не выбіраць мяне сакратаром. Я ведаў, што ў начальнікі-камандзіры я зусім не гаджуся, такога начальніка, які патрэбен камсамолу, з мяне не атрымаецца. Мабыць, гэтую праўду я не сказаў, мабыць, матываваў самаадвод нейкімі іншымі прычынамі. Просьбу маю ня ўважылі і абралі. Мне нічога не заставалася, як быць самім сабой, гэта значыць паказаць сваю няздатнасьць, сваё няўменьне арганізоў­ваць, кіраваць, камандаваць — рабіць тое, што мне зусім не па натуры. Пачаў не выконваць распараджэньні парторга... Праз паўгода, у кастрычніку, на чарговай камсамольскай канферэнцыі вучылішча я быў жорстка раскрытыкаваны парторгам і ад пасады вызвалены. Узрадаваўся — неймаверна, бо тое было не маё і не для мяне. Маё было — пісаць вершы, радуючыся і пакутуючы, жыць паэзіяй, літаратурай, родным словам. Можа быць, сам я да канца ў гэтым сабе не прызнаваўся, але што дзесь у глыбіні душы адчуваў — несумненна.

У друку за тры першыя гады педвучылішча ніводнага з маіх вершаў не паявілася. Дый пасылаў мала: можа, разы тры ў «Калгасную праўду» (літкансультант М. Машара адпісваў адным і тым жа радком: «слабыя і недасканалыя, надрукаваныя ня будуць»), адзін раз — у «Настаўніцкую газету», разы два — у «Вожык»,— усюды безвынікова. Відочны зрух адбыўся на мяжы 1950-га — 1951-га гадоў: мае вершы пачалі паяўляцца ў «Чырвонай зьмене», у часопісах «Вожык» і «Работніца і сялянка», у «Піянеры Беларусі». У верасьні, калі ўжо стаў студэнтам Белдзяржуніверсітэту, газета «Літаратура і мастацтва» апублікавала мой верш «Па рэспублі­цы восень ідзе». Гэта было для мяне вялікай радасьцю, бо, па-першае, у пісьмень­ніцкай газеце, а па-другое, — верш блаславіў да друку намесьнік галоўнага рэдактара Пімен Панчанка — адзін з самых высокіх для мяне паэтычных аўтарытэтаў. Усе гэтыя публікацыі былі, так бы мовіць, «завочнымі» — ніхто ў рэдакцыях мяне ня бачыў: менскі студэнт, я па-ранейшаму вершы пасылаў у газеты і часопісы поштай.