Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 49

Ніл Гілевіч

І раптам... раптам: буралом!

Знадворку зал штурмуюць нібы:

Зьвіняць і лопаюцца шыбы,

Далёка пырскаючы шклом.

Каменьне сыплецца, як град,

За рамай рама раздаецца,

І сьцены рушацца, здаецца,

Як бы ад залпаў кананад.

А тут — дагібелі дзяўчат:

Наташа, Паша, Маша, Даша,

А разам — жудасная каша,

А разам — гром, і дым, і чад!

Цярпі, чытач! Цярпеў і я.

Яшчэ галоўнае пачнецца,

Яшчэ ня раз уздрыганецца

Душа, зьлякаўшыся, твая!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Суровы наш дваццаты век,

Але павінен быў зьдзівіцца,

Як сталі рэзацца, давіцца

У зале дзьвесьце чалавек!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вітайма Пецьку! Во — студэнт!

Сямнаццаць год, малы сабою —

Сягоньня першы прэтэндэнт

На першынство па мардабою!

У гэтакім стылі напісана ўся рэч. Звычайная, банальная бойка дурных маладых пеўняў бязбожна гераізуецца як вялікае лёсавырашальнае пабоішча патрыятычных і варожых сілаў. Паэма была прынята студэнтамі ня проста з захапленьнем, а выклікала, можна сказаць, фурор. Павышаная цікавасьць да яе тлумачылася тым, што ўсе «героі» твору, студэнты, названыя сваімі сапраўднымі імёнамі і што кожнаму з іх справядліва выдадзена па заслугах, роля кожнага паказана адэкватна, і ўвогуле ўся студэнцкая вечарына да баталіі і затым сама баталія абмаляваны, па словах відавочцаў, праўдзіва, хоць і з яўна гіпербалізаванымі асобнымі момантамі. Да сказанага застаецца дадаць, што самога аўтара паэмы ў той «гістарычны» дзень (9-га лістапада 1949 году) у педвучылішчы не было — быў на сваёй Лагойшчыне, нічога ён сам ня бачыў — ні танцаў у зале, ні бойкі, усё напісаў паводле сьвежых успамі­наў-аповедаў удзельнікаў падзеі: некалькі дзён толькі пра гэта і было гаворкі ў ін­тэрнаце, асабліва ў хлапечых пакоях.

Другая паэма, «Фрагменты», была зусім іншага зьместу, але па духу — вельмі блізкая да папярэдняй, бо — таго ж самага прызначэньня, — для сяброў-таварышаў, пра іх і ім жа на пацеху. Ну, скажам, аб тым, як студэнты галадаюць.

Узяць, напрыклад, Зудзіна:

Каторы дзень ня есьць!

А ўласная пасудзіна,

Напэўна ж, літраў шэсьць!

Бурчыць яна ад голаду.

А Зудзін у адказ:

«Не выдумляй! Ты змоладу

Цярпела колькі раз!

Успомні, як за Польшчаю

Душыла нас бяда,

Як радасьцю найбольшаю

Бывала лебяда...»

І Зудзін цяжка выдыхнуў,

А потым... Гэй, народ!

Пустыя кішкі выцягнуў

І выкінуў за плот!..

«Пабоішча» было напісанае за чатыры дні, у сярэдзіне студзеня 1950-га, на зімовых канікулах у Слабадзе. Было мне тады васемнаццаць з хвосьцікам. Думаю: калі б тую энергію і творчы імпэт — ды на нешта больш сур’ёзнае! Ну, напрыклад, на вершаваную распрацоўку якога-небудзь казачнага сюжэту. Зрабіў жа такую распрацоўку ў свае няпоўных дзевятнаццаць Пётр Яршоў — даў у падарунак малечы несьмяротнага «Канька-Гарбунка», на сотні гадоў наперад даў. А тут... Столькі сілаў і натх­неньня на пустое пакладзена, на сьмешыкі. Ды мала адну паэму адляскаў, дык у лістападзе — другую, «Фрагменты», а ў студзені 1951-га — трэцюю: «У дзіўным горадзе Маскве», яшчэ больш несур’ёзную і дробязную па зьмесьце, чым дзьве першыя.