Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 48

Ніл Гілевіч

Восеньню сорак восьмага мяне выбралі ў камітэт камсамолу вучылішча і даручылі адказваць за насьценны друк. Што да нашай курсавой газеты, дык я сам быў і яе рэдактарам. А праз год стаў рэдактарам і вучылішчнай газеты «Савецкі настаўнік». Усё, што запомніў з таго горкага рэдактарскага клопату, — ніхто ня хоча ў газету пісаць. Хоць плач, хоць на калені станавіся — аніякага спачуваньня рэдактару! Вымаліш тры-чатыры нягеглыя радкі — астатняе дапісваеш сам. Зьдзіўляла ня толькі нежаданьне пісаць, але і элементарнае няўменьне бачыць, адчуваць тэму і пісьменна выкладаць свае думкі. У насьценных газетах рэгулярна, з нумару ў нумар, паяўляліся мае вершы, часьцей за ўсё — сатырычныя, і студэнты па гэтай прычыне любілі іх чытаць, а паколькі радком валодаў досыць упэўнена, то хутка набыў і пэўны творчы аўтарытэт. Пра што пісаў? Ды пра ўсякія «вытворчыя» і бытавыя дробязі. Напрыклад, пра тое, як студэнты ня хочуць хадзіць пасьля абеду на палітзаняткі, як выкладчыку даводзіцца іх літаральна лавіць і сілком заганяць у аўдыторыю.

Як у нас палітвучоба —

Не знайсьці нідзе:

Пяцьдзясят асоб «хвароба»

У пасьцель кладзе.

А здаровы і вясёлы

Малады народ

Уцякае, згрэбшы полы,

Цераз чорны ход.

Або, напрыклад, аб тым, як дзяўчаты, не пасьпеўшы падсілкавацца дома (дзяўчаты-мінчанкі), робяць гэта ўпотайкі на ўроку, што, на думку аўтара, перашкаджае ім засвоіць належным чынам матэрыял. Ну чым не прадмет для зьедлівай сатыры. Або — пра нявыхаванага, некультурнага студэнта, які ў інтэрнаце кладзецца на ложак, на чыстую прасьціну, ня толькі ў верхняй вопратцы, але і ў брудных чаравіках.

Хлопцы! Выслухайце і згадзіцеся.

Вось прыйшоў я, скажам, са двара.

Ногі просяць: «Гаспадар, кладзіцеся!

Па абедзе адпачыць пара!»

Прасьціна ж ляжыць бялей паперыны.

А навошта мне тут гэта бель?

Я, браткі, адроду не намераны

Без бацінак класьціся ў пасьцель».

Дробязнае, прыватнае, у поўным сэнсе слова — насьценгазетнае, і калі я ўсё ж не лічу гэту працу цалкам марнатраўствам, дык толькі таму, што гэтакім чынам набывалася літаратурнае майстэрства, авалоданьне паэтычным радком, сатырычна-гумарыстычнай фарбай, іранічнай інтанацыяй, жывым народным словам. Сказанае яшчэ больш прыкладаецца да іроі-камічнай паэмы «Пабоішча» (пра бойку студэнтаў педвучылішча з «інтэрвентамі» — маладымі рабочымі інструментальнага завода) і да жартоўна-гумарыстычнай, гратэскавай паэмы «Фрагменты».