Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 47

Ніл Гілевіч

Быў і яшчэ выпадак — сам прыйшоў у рукі — калі я мог бы пазнаёміцца з адным вядомым паэтам і займець у яго асобе добрага старэйшага сябра, але зноў жа перашкодзіла тая самая бяда мая — сарамлівасьць. У жніўні 1949-га, па просьбе вясковай суседкі, у якой памёрла дзяўчынка, а другая старэйшая, лячылася ў Харкаве, я паехаў у гэты ўкраінскі горад, каб пабачыцца з хворай. У адным купе са мной больш за палавіну сутак ехаў паэт Дзьмітрый Кавалёў — у будучым перакладчык майго першага маскоўскага зборніка вершаў «Песню берите с собою». Ехаў ён з жонкай у горад Льгоў Курскай вобласьці да цешчы ў госьці. Я пазнаў яго адразу ж, зайшоўшы ў купэ, бо добра запомніў выразны адметны твар гэтага былога марака Паўночнага флоту з той першай нарады маладых пісьменьнікаў Беларусі. Да таго ж, якраз перад ад’ездам прачытаў дома ягоную першую кнігу паэзіі «Далекие берега», выдадзеную ў Менску ў 1947 годзе. Просты ў манерах, шчыры, гаваркі, у дарозе ён пра многае ў мяне пытаўся — пра вучобу, пра вёску маю, куды і чаго еду, частаваў вялікімі жоўтымі грушамі... Але што я ведаю яго і што я сам пішу і друкую вершы — сказаць яму пра гэта мне так і не хапіла сьмеласьці. Аб чым пасьля ўспамінаў неаднойчы з вялікім шкадаваньнем.

Праз тую ж сваю бяду вясной 1950-га я ўпусьціў магчымасьць асабіста пазнаё­міцца з Аркадзем Куляшовым. Прапанову такую мне зрабіў наш новы дырэктар, былы бясстрашны партызан, герой Савецкага Саюзу Уладзімір Аляксеевіч Парах­невіч. Пасьля вайны ў складзе нейкай беларускай дэлегацыі ён езьдзіў са знакамі­тым паэтам у Англію, у Лондан, быў, такім чынам, добра з ім знаёмы і, ведаючы пра мае першыя крокі ў паэзіі, хацеў мне дапамагчы, у маіх інтарэсах, скантактавацца з Куляшовым. Аднойчы вечарам нам выпала разам ісьці праз парк Горкага, і Уладзімір Аляксеевіч, пацікавіўшыся маімі творчымі справамі, сказаў: «Давай я пазваню Куляшову, папрашу, каб ён даў табе аудыенцыю, пачытаў твае вершы...» Але я адчуў, што не гатовы да такой сустрэчы, не насьмелюся; ды і новых вершаў, такіх, каб аж самому Куляшову паказаць, ня бачыў у сваім набытку. І далікатна адмовіўся: «Можа, калі-небудзь пасьля, як напішу што лепшае...»

А лепшае не пісалася. Не выпадкова ва ўсіх выданьнях маіх «Выбраных твораў» зусім мала вершаў (тры-чатыры, ня болей), датаваных гадамі вучобы ў педвучылі­шчы. Усё, што напісана мною за той час, выразьліва падзяляецца на чатыры катэгорыі: вершы на пэўныя рэвалюцыйна-гістарычныя тэмы (усе — рытарычна-дэкламацыйнага характару), вершы з вёскі — аб працоўных буднях калгасу (іх зусім ня шмат), байкі (іх таксама ўсяго некалькі), нарэшце, вершы і паэмы, так бы мовіць, «для ўнутранага карыстаньня», для сяброў і таварышаў па вучобе,— з жыцьця і побыту ў педвучылішчы. Найбольш вартасным з усяго гэтага «творчага плёну» лічу паэмы «Пабоішча» (студэнцкая кулакіяда) і «Фрагменты». Адметнасьць іх у тым, што яны былі своеасаблівай процівагай усяму запанаванаму тады ў нашай паэзіі гімнічна-урачыстаму, узвышана-сьвяточнаму настрою і стылю. Няйначай як збрыдзела мне ўся гэтая одапісь, у тым ліку і свая ўласная, — і пацягнула на травесьці, на пародыю, на бытавую сатыру.