Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 46

Ніл Гілевіч

Калі мы, васемнаццаці-дваццацігадовыя вершатворцы, выкукарэквалі, як маладыя пеўнікі, сваё кукарэку ў гонар вялікага правадыра народаў — нашыя равесьнікі на Захадзе чыталі ў друку пра Сталіна і яго рэжым наступнае: «Трэба славіць уладу нават тады, калі яе ненавідзіш. Але Сталін пайшоў далей. Ён вынайшаў сістэму, якой ня ведала чалавецтва. Ён паставіў сваёй мэтай прымусіць кожнага грамадзяніна ўчыніць якую-небудзь подласьць, каб раздавіць яго пачуцьцё годнасьці, каб зрабіць яго здольным на ўсё... Зламаць раз назаўсёды волю чалавека, апаганіць яго сумленьне, зрабіць яго здраднікам, паклёпнікам — вось мэта. Такі ўжо ніколі ня зможа глядзець людзям у вочы. Ён зробіць усё, што мы ад яго запатрабуем... Ад абылганых і сьмяртэльна замучаных людзей патрабуецца акт самабічаваньня і адрачэньня ад сваіх ідэяў. І тут тая ж мэта: раздавіць маральна пісьменьніка або вучонага. Ён занадта горда носіць галаву. Ён думае, што служыць навуцы або мастацтву. Ён служыць нам, ён аплачваемая дзяржавай прастытутка, і хай не забывае гэтага». (Часопіс рускіх эмігрантаў «Новый журнал», Нью-Ёрк, 1949, XXI, ст. 249-250). Гэтая страшная праўда пра час, калі ў літаратуру ўваходзіла маё пакаленьне, мне пачала адкрывацца толькі пасьля 1956 году. Ды і то — хіба ва ўсім аб’ёме, ва ўсіх галоўных праявах? Хіба агольвалася сутнасьць самой сістэмы? Сістэма — выдатная, Сталін — кепскі. Сталін — сам сабою, сістэма — сама сабой. Колькі яшчэ пройдзе часу, пакуль я паступова, крок за крокам, выйду з палону сістэмнай хлусьні і крывадушша, вызвалюся ад дыктату ідэалогіі, варожай праўдзе і Беларусі.

***

За чатыры гады вучобы ў педвучылішчы я ўсяго адзін раз — і то ўжо на апошнім курсе — схадзіў са сваімі вершамі ў рэдакцыю (у «Мінскую праўду», якая тады толькі пачала выходзіць). А то ўсё пасылаў вершы поштай. Жывучы ў Менску! Прычынай была ня толькі тая хваравітая сарамлівасьць, якую я вельмі цяжка пераадольваў. Рэч яшчэ ў тым, што перажыўшы глумлівае бэшчаньне маіх вершаў Бэндам, я пранікся боязьзю паўтарэньня чагось падобнага, ува мне разьвілося моцнае пачуцьцё недаверу да чытачоў-крытыкаў, якія могуць цябе ў тваёй жа прысутнасьці прынізіць. Пачне там нейкі кансультант чытаць-разьбіраць твой верш па радках, пачне павучаць, тлумачыць, чаму гэта дрэнна... Ну не! Хай крытыкуюць і хаяць завочна. Але і гэта не ўсё — мелася яшчэ адна прычына: не было ў чым заявіцца ў рэдакцыю — вопраткі людскай не было. Ісьці ў латанай куфайцы саромеўся. У тую ж «Мінскую праўду» хадзіў у чорным чыгуначным шынялі студэнта Броніся Шыркоўскага (між іншым, брата будучага старшыні КДБ Беларусі), а ў Маскву на экскурсію (узнагарода за выдатную вучобу) езьдзіў у паліто студэнта Антона Юркевіча. Усе чатыры гады быў ці ня самым бедным студэнтам педвучылішча.

З-за сарамлівасьці ў лютым 1948 году ледзьве ня ляснуў мой удзел у рэспублі­канскай нарадзе маладых пісьменьнікаў, якія пішуць для дзяцей. Раніцой, ідучы на заняткі ў аўдыторыю (а жылі і вучыліся мы ў адным корпусе), забраў на «паштовым» стале канверт, падпісаны размашыстым бацькавым почыркам. А ў канверце — запрашэньне на нараду, яго паслалі з Саюзу пісьменьнікаў на мой вясковы адрас, які ў іх быў ад нарады леташняй. Што я з восені мінулага года жыву ў Менску — адкуль ім ведаць? Бацька ў лісьце нават выгаварыў мне: чаму гэта ты ня сходзіш і ні скажаш ім свой менскі адрас!.. На шчасьце, нарада пачыналася ў гэты ж дзень, і я пасьпеў на яе патрапіць. Адбывалася нарада ў будынку ЦК ЛКСМБ, у досыць прасторнай зале. Зноў даклады, зноў выступленьні. Але запомнілася мне гэтая падзея тым, што я асабіста пазнаёміўся з Міколам Лупсяковым і Іванам Грамовічам. Апошняму не прызнаўся, што бачыў яго раней у нашай Слабадзе, у вясельным застольлі як госьця «маладога» — майго суседа Івана Маўчана.