Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 45

Ніл Гілевіч

Зразумець гэты адрыў паэта-студэнта ад праўды жыцьця, гэты перакос у ідэйна вытрыманую пафасную рыторыку зусім няцяжка, калі кінуць вокам на тое, што пісалі і друкавалі тады старэйшыя паэты, нават самыя таленавітыя з іх, як Куляшоў, Танк, Панчанка, ня кажучы пра Броўку, Глебку, Машару і пра ўсё пакаленьне «франтавікоў» — тых, што вершы для сваіх першых зборнікаў пісалі ў акопах, у бліндажах, у партызанскіх зямлянках. Дзесь на самым пачатку 1953 году я купіў цэлы ахапак аднатомнікаў беларускай паэзіі, выдадзеных да Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве (адбылася ў сьнежні 1952-га, яшчэ пры Сталіне). Як па тым часе — дык досыць раскошныя выданьні: у цьвёрдых каленкоравых вокладках і на белай паперы (вядома — для выставы ў сталіцы Радзімы!). Гадоў праз дзесяць, калі ўжо прайшлі і XX і XXII зьезды КПСС і ў сьвядомасьці творчай інтэлігенцыі, у тым ліку маладой, адбыліся істотныя зрухі і перамены, я перачытаў аднойчы, з вялікай цікавасьцю, тыя аднатомнікі выбраных твораў Машары, Астрэйкі, Бялевіча, Кірэенкі, Вялюгіна, Калачынскага, Аўрамчыка, Няхая і іншых. Божа, якое цяжкае было ўражаньне, як было сумна і горка на душы! І крыўдна. Страшна крыўдна за лёс таленавітых паэтаў. Што з імі рабіла і зрабіла гвалтоўна ўзьведзеная ў ранг эстэтыкі «жданаўшчына»! Тады, на мяжы 1940-1950-х — «жданаўшчына», пазьней гэта будзе «суслаўшчына». А ўвогуле, калі зьвязваць гэту «эстэтыку» з імёнамі, дык трэба пачынаць з «леніншчыны», «бухарыншчыны», «сталіншчыны».

Культ асобы Сталіна быў у гэты час раздзьмуты да маштабаў сусьветна-планетарных, і ва ўсіх аднатомніках пералічаных вышэй паэтаў (як і многіх не названых) густа стракацела імя правадыра і генералісімуса, абавязкова ў суседстве з сонцам, зорамі і іншымі сьвяціламі. Усіх пераўзышоў М. Машара. Так хацеў бедны Міхась Антонавіч дагадзіць і запэўніць у сваёй вернасьці «вялікаму з вялікіх», што відочна перастараўся. У ягоным аднатомніку «Урачыстасьць» Сталін фігуруе больш як у 60-ці вершах — амаль у кожным трэцім. Ды хоць бы і ў іх былі якія адзнакі паэтычнай мовы (як, успомнім, у Купалы ў вершах «Табе, правадыр» ці «Аб Сталіне-сейбіту...»). І гэта — у Міхася Машары, прыроднага, чуйнага лірыка!.. Дык хіба дзіва, што і паэт-пачатковец адзін са сваіх вершаў 1951-га года закончыў заклікам: «Вучыцеся ў Сталіна мудрага, дзеці, змагацца за шчасьце і мір на зямлі!»? Ніякага дзіва, бо гэта лічылася агульнапрынятым правілам і нормай грамадзянскага самавыяўленьня ў творчасьці.