Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 41

Ніл Гілевіч

30 жніўня 1947-га году я паехаў у Менск на вучобу, стаў студэнтам педвучылішча імя Н. К. Крупскай (нас тады называлі іменна студэнтамі, а не навучэнцамі). Радыкальныя перамены жыцьцёвых абставінаў на доўгі час адарвалі ад любімага занятку — карпеньня над вершамі. У педвучылішчы справе ідэйнага выхаваньня будучых настаўнікаў пачатковай школы надавалася тады выключная ўвага, работа ў гэтым кірунку вялася, можна сказаць, узорна. Асаблівай актыўнасьці дамагаліся ад камсамольскай арганізацыі вучылішча. Тагачасная звышпільнасьць да нашых студэнцкіх настрояў была прадыктаваная ня толькі агульнымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, але і пэўнымі канкрэтнымі акалічнасьцямі: толькі што прашумелі трывожныя для высокага начальства падзеі ў Глыбоцкім і Пастаўскім педвучылішчах, прайшоў, усяго два месяцы назад, у чэрвені, судовы палітычны працэс над маладымі патрыётамі Беларусі, агентам КДБ паўсюдна мярэшчыліся новыя суполкі падобных «антысавецкіх арганізацыяў», асабліва — у педагагічных навучальных установах. Ня дай Бог, каб гэтая «зараза» пранікла ў асяроддзе студэнтаў, якія, адвучыўшыся, паедуць у школы працаваць з дзецьмі, выхоўваць маладых будаўні­коў камунізму. Акцэнт у клопатах КДБ палягаў на тым, што разгромленыя студэнцкія суполкі ў Глыбокім і Паставах былі «нацыяналістычныя», сваім заданьнем яны лічылі выхаваньне любові і пашаны да роднай мовы, да культуры і гісторыі Беларусі, а гэта — страшней за ўсё іншае.

Менавіта з такіх, напэўна, меркаваньняў першакурсьнікам Менскага педвучылішча належала грунтоўна засвоіць асноўныя палажэньні дакладу А. Жданава і Пастановы ЦК ВКП(б) аб часопісах «Звезда» і «Ленинград». Хаця пра мае паэтычныя захапленьні ніхто ня ведаў, мне доўгі час, бадай з паўгоду, удавалася трымаць іх у таямніцы, але выкладчыкі заўважылі маю незвычайную для вясковага хлопца дасьведчанасьць у пытаньнях літаратуры, і таму менавіта мне даручылі падрыхтаваць і зрабіць для студэнтаў даклад па матэрыялах названага пленуму ЦК. Так я ўцягваўся ў працэс паглыбленага вывучэньня ідэйна-эстэтычных асноваў савецкай літаратуры, праходзіў, так бы мовіць, пашыраны курс па гэтай дысцыпліне і набываў адпаведную загартоўку. Кіраўніком-кансультантам быў выкладчык беларускай літаратуры Абрам Эвадзьевіч Лорман (дарэчы, па жонцы сваяк Зьмітрака Бядулі). З алоўкам у руках я перачытаў зборнік артыкулаў «Об идейности в литературе» (толькі што выдадзены ў Маскве), шматлікія матэрыялы ў цэнтральных газетах і часопісах на азначаную тэму — і напісаў грунтоўны, першы ў сваім жыцьці, навуковы даклад. Галоўнае месца ў ім адвёў «антынароднай, безыдэйнай, рэакцыйнай» паэзіі Ганны Ахматавай, вершы якой цытаваў вельмі шчодра і — пераважна па памяці. Яны, пакуль пісаў даклад, запомніліся самі сабой, наўмысна я не завучваў іх. Пазьней я зразумеў чаму: гэта была выдатная, на мяжы геніяльнасьці паэзія. Асобныя з тых вершаў Ахматавай засталіся ў памяці на ўсё жыцьцё — настолькі яны, насуперак пастаўленай мэце, запалі ў душу.